У пятніцу, 6 ліпеня 2018 года, у 18.00, у Цэнтральным парку г.Даўгаўпілса пройдзе канцэрт «Беларускае Купалле», арганізаваны Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК).
Купалле – адно з самых старажытных народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі, якое адзначаюць у славян у разгар лета - у ноч з 6 на 7 ліпеня. У абрадах беларускага Купалля цесна перапляліся старажытныя язычніцкія і больш познія хрысціянскія традыцыі. На Купалле беларусы праводзілі шмат сімвалічных абрадаў:
- збор гаючых траў і кветак, якія набываюць у гэтую ноч асаблівую сілу;
- рытуал ачышчэння агнём (праз купальскае вогнішча людзі скакалі, у ім спальвалі кола-«сонца», вопратку хворых, старыя рэчы);
- варажба на будучыню (дзяўчаты пускалі па вадзе купальскія вянкі);
- рытуалы абароны дамоў і палёў ад нячыстай сілы;
- абрадавыя песні і карагоды, шумныя вясёлыя гульні;
- рытуал ачышчэння вадой на досвітку, мыццё расой і многае іншае.
У Даўгаўпілсе на беларускае Купалле гледачоў чакае канцэрт у Цэнтральным парку, у якім выступяць творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка», танцавальны ансамбль «Лянок», вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі», харавая капэла «Спадчына», тэатральная студыя «Паўлінка», ансамбль акардэаністаў «Квітнеючы май». Па традыцыі, на свяце будуць госці - завадны ансамбль народнай песні «На панадворку» (Браслаў, Беларусь); а таксама майстар-класы ад браслаўскіх рамеснікаў (Беларусь) і Цэнтра беларускай культуры.
Чакаем вас, паважаныя гараджане і госці горада, у пятніцу, 6 ліпеня 2018 года, у 18.00, на свяце «Беларускае Купалле» у Цэнтральным парку. Прыходзьце зарадзіцца пазітывам і добрым настроем!
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздыманне.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры