У сераду, 23 мая 2018 года, у 13.00, у Барыса-Глебскім кафедральным саборы (Даўгаўпілс, вул.Таутас, 2) адбудзецца набажэнства ў гонар Еўфрасінні Полацкай – апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай, чатыры іконы якой знаходзяцца ў гэтым праваслаўным храме. Мерапрыемства адкрые Дні беларускай культуры, якія традыцыйна праводзяцца Цэнтрам беларускай культуры ў маі.
23 мая (5 чэрвеня) - Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай - першай ўсходнеславянскай асветніцы і першай беларускай жанчыны, прылічанай да ліку святых. Прападобная Еўфрасіння, якая насіла ў свеце імя Прадслава, паходзіла са старажытнага княжацкага роду, вытокі якога ўзыходзяць да легендарных Уладзіміра і Рагнеды. Яна таемна ад бацькоў пайшла ў манастыр, дзе прыняла пострыг з імем Еўфрасіння і прысвяціла сябе служэнню Богу.
Праславілася заступніца Беларусі сваёй міратворчай і асветніцкай дзейнасцю. Увесь вольны ад малітваў час прысвячала перапісванню, напісанню і пераводу кніг. Па яе замове былі пабудаваныя Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і царква св.Багародзіцы пры мужчынскім манастыры, якія з'яўляюцца найстаражытнейшым культурным здабыткам Беларусі.
Еўфрасіння Полацкая таксама ў 1161 г. заказала майстру Лазару Богшу зрабіць напрастольны крыж з рэліквіямі, які пазней стаў беларускай нацыянальнай святыняй і помнікам старабеларускага пісьменства. Падчас Другой сусветнай вайны Крыж Еўфрасінні Полацкай загадкава знік. Яго пошукі аказаліся беспаспяховымі, таму 20 гадоў таму брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч зрабіў дакладную копію рэліквіі, якая захоўваецца ў царкве ў Полацку. Фотавыставу пра адноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай прадставіла дачка мастака-ювеліра Ірына Кузьміч на Днях беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, прысвечаных святой і 855-годдзю стварэння яе Крыжа.
Чатыры іконы з абліччам Еўфрасінні Полацкай знаходзяцца ў Барыса-Глебскім кафедральным саборы, таму невыпадкова і па благаславенню тут адбудзецца богаслужэнне ў сувязі з адкрыццём Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
«Мы вельмі спадзяёмся, што ў беларускай дыяспары горада з’явіцца новая традыцыя, і штогод у маі, у дзень апякункі зямлі беларускай і латгальскай Еўфрасінні Полацкай, мы будзем сустракацца ў храме і ў малітве выказваць сваю падзяку за магчымасць жыць у міры і згодзе, захоўваючы хрысціянскія каштоўнасці, нацыянальную ідэнтычнасць і беларускую культуру» - адзначыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Жана Раманоўская.
У сераду, 23 мая 2018 года, у 13.00, у Барыса-Глебскім кафедральным саборы (Даўгаўпілс, вул.Таутас, 2) адбудзецца набажэнства ў гонар Еўфрасінні Полацкай і адкрыцця Дзён беларускай культуры.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры