13 красавіка 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася прэзентацыя новай кнігі паэткі Кацярыны Андрэевай з усёабдымнай і сімвалічнай назвай «Путь судьбою обозначен…»
Кацярына Андрэева нарадзілася ў Латгаліі, у Рэзэкненскім раёне, у снежні 1941 года. Вершы пачала пісаць з дзяцінства. Друкавалася ў газетах Даўгаўпілса, Рэзэкнэ і Рыгі, выпусціла чатыры паэтычныя зборнікі вершаў. К.Андрэева - член розных літаратурных арганізацый.
«Путь судьбою обозначен…» - чацвёрты паэтычны зборнік Кацярыны Андрэевай, прымеркаваны да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі, выйшаў у свет пры падтрымцы Даўгаўпілскай гарадской думы і Народнай асацыяцыі літаратурнага творчага аб'яднання «Русло-Л». У зборніку, як вызначыла сама паэтка, адлюстраваўся яе нялёгкі жыццёвы шлях; таксама ў яго ўвайшлі вершы знакамітых расійскіх і латвійскіх паэтаў, дакументальныя матэрыялы і фатаграфіі. Самае вялікае месца ў зборніку адведзена даўгаўпілскім паэтам.
К.Андрэева – даўні сябар і часты госць у Беларускім доме. Вечар падарыў знатакам паэзіі вельмі шмат вершаў у непараўнальным і яркім выкананні аўтара; было таксама шмат эмацыйных і займальных успамінаў пра сваё нялёгкае, але багатае на падзеі жыццё. Паэтка таксама прадставіла ўсіх сваіх гасцей – калег і сяброў па творчаму цэху, арыгінальнымі чатырохрадкоўямі.
Кацярыну Андрэеву цёплымі і душэўнымі словамі павіншавала кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства «Уздым» Жана Раманоўская. Музычныя падарункі паднеслі вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" (мастацкі кіраўнік Настасся Малышава), барды Алена Віткевіч і Віталь Міхайлоўскі.
Сустрэча атрымалася вельмі насычанай, натхнёнай і цёплай.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры