Тры дні ў Латвіі гасцявала прадстаўнічая дэлегацыя Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Навукоўцы прывезлі новую кнігу «Латвія-Беларусь: 1918-2018», выдадзеную ў супрацоўніцтве з калегамі Латвійскага ўніверсітэта. Адзін экзэмпляр госці падарылі Даўгаўпілскаму Цэнтру беларускай культуры (ЦБК).
Дэлегацыя пасля Краславы наведала Даўгаўпілс, дзе пагуляла па Крэпасці, азнаёмілася з Музеем шмакаўкі і зазірнула ў Цэнтр беларускай культуры. У Рызе ў віцябчан галоўным мерапрыемствам быў «круглы стол» з выкладчыкамі і студэнтамі гісторыка-філасофскага факультэта Латвійскага ўніверсітэта.
Супрацоўніцтва дзвюх вышэйшых устаноў, пачатае ў 2014 годзе, прадуктыўна развіваецца, і адным з яго паспяховых праектаў стаў выпуск манаграфіі «Латвія-Беларусь: 1918-2018». Даследчыкі ахапілі гісторыю ўзаемаадносін дзвюх суседніх дзяржаў за стагоддзе - з моманту іх стварэння да нашых дзён. Круг закранутых пытанняў шматгранны: станаўленне дзяржаўнасці, развіццё эканомікі, беларуская дыяспара ў Латвіі і латышская дыяспара ў Беларусі, адукацыя, культурныя сувязі і г.д.. У рэдакцыйную калегію ўвайшлі аўтарытэтныя навукоўцы - Максім Каралёў (галоўны рэдактар), Э.Екабсонс, У.Клява, С.Кулік, О.Махіня, А.Ціхаміраў.
Кніга амаль на 400 старонак, у цвёрдай вокладцы, з каляровымі фатаграфіямі і копіямі дакументаў, выйшла пад знакам стагоддзя Латвіі і пры падтрымцы Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску. Як піша ў звароце да чытачоў консул-кіраўнік Угіс Скуя, «гэтая кніга - толькі пачатак сумесных даследаванняў гістарычных узаемаадносін паміж Латвіяй і Беларуссю. А таму вельмі важна працягваць працу ў гэтым кірунку».
У спісе арганізацый і персон, якім аўтары выказваюць словы падзякі пры падрыхтоўцы манаграфіі, - Генеральнае консульства РБ у Даўгаўпілсе і яго кіраўнік Уладзімір Клімаў, Цэнтр беларускай культуры і яго кіраўніца Жана Раманоўская, краязнаўца Мікола Паўловіч. Кніга «Латвія-Беларусь: 1918-2018» заняла пачэснае месца ў бібліятэцы ЦБК.
Манаграфія «Латвія-Беларусь: 1918-2018» будзе цікавая самаму шырокаму колу чытачоў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры