У аўторак, 17 красавіка 2018 года, у 17.00, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная прэзентацыі гістарычнай паэмы «Яраслаў» вядомай даўгаўпілскай паэткі і мастачкі, уладальніцы Ганаровай граматы Даўгаўпілскай гарадской думы і сярэбранага знака "Узнагарода года-2014" Настассі Сазанковай.
Настасся Сазанкова – ураджэнка Беларусі, нарадзілася на Віцебшчыне. Скончыла медыцынскае вучылішча ў Полацку, потым дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску. Ўсё жыццё працавала лекарам і нават выпусціла кнігу пра лекавыя травы. Н.Сазанкова з’яўляецца членам Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, актыўны член культурна-асветніцкага таварыства "Уздым"; нягледзячы на шаноўны ўзрост, вядзе актыўны вобраз жыцця - піша карціны, вершы, выдае кнігі, прымае ўдзел у рабоце Дзённага сацыяльнага цэнтра і гарадскіх мерапрыемствах.
«Забываючы імя – губляем сябе. Забываючы гісторыю – губляем Бацькаўшчыну. Захоўваючы памяць пра родны край, пакутуючы настальгіяй, нават далёка ад радзімы мы яе дачкі і сыны ... », - гэта радкі аўтара з прадмовы да гістарычнай паэмы «Яраслаў». Гістарычная тэма, тэма роднай зямлі і гістарычнай спадчыны вельмі блізкая Настассі Аляксандраўне. З'яўляючыся праўдзівай дачкой беларускага народа, не магла не напісаць пра знакамітых людзей зямлі Полацкай (адкуль і сама родам) – Ефрасінню Полацкую, Рагнеду; і вось зараз выйшла ў свет новая кніга пра сына Рагнеды - Яраслава Мудрага.
Прэзентацыя восьмай па ліку кнігі Н.Сазанковай – гістарычнай паэмы «Яраслаў», па традыцыі пройдзе ў Цэнтры беларускай культуры. Дарэчы, у гэты момант тут праходзіць аб'яднаная выстава мастакоў Латгаліі, сярод работ ёсць і карціны Настассі Аляксандраўны. У гасцей вечара будзе магчымасць дакрануцца да багатай гістарычнай спадчыны нашых продкаў, паслухаць вершаваныя радкі ў выкананні аўтара і яе шматлікіх сяброў па паэтычнаму цэху, паслухаць беларускія песні і непасрэдна пагутарыць з аўтарам кнігі.
Сардэчна запрашаем вас на літаратурна-музычную вечарыну, якая адбудзецца ў аўторак, 17 красавіка 2018 года, у 17.00, па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68 (уваход са двара).
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры