23 сакавіка 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыліся вячоркі, на якіх гледачы пазнаёміліся з гісторыяй, традыцыямі і пляценнем нацыянальнага пояса ў рамках мастацка-краязнаўчай акцыі «Куфар беларускіх скарбаў», прысвечанай 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/212-tautas-josta-talismans-k-uva-par-galveno-baltkrievu-sv-tku-atrib-tu#sigProId9af6cf7d7d
На самым бачным месцы ў зале размясціўся культавы прадмет кожнай беларускай хаты – куфар. На папярэдніх мерапрыемствах у яго паклалі спачатку аўтэнтычныя ручнікі з розных вобласцей Беларусі, потым – народныя касцюмы, а цяпер надышла чарга пояса, вельмі моцнага абярэга ў беларускай культуры. Побач з куфрам знаходзілася выстава паясоў з калекцыі ЦБК.
Пояс заўсёды быў абавязковым элементам як жаночага, так і мужчынскага народнага касцюма. Іх насілі мужчыны, жанчыны і дзеці, у святы і будні. Поясам падвязвалі кашулі і кажухі. На пояс мужчыны замацоўвалі кашэль і нож, затыкалі сякеру. Жанчыны на поясе насілі палатняныя сумкі, скрыначкі, збаны і набіркі (скрыначка для збору ягад). Шырокімі мужчынскімі паясамі спавівалі немаўлят. Але пояс у беларусаў меў не толькі функцыянальнае значэнне, але і сімвалічнае – прадстаўленне пра навакольны свет і гатоўнасць да дзеяння. Хадзіць без пояса, «расперазацца», лічылася вялікім грахом і непрыстойнасцю.
У кожнай мясцовасці Беларусі паясы адрозніваліся колерам, арнаментам, упрыгожаннем, шырынёй. Канцы паясоў упрыгожвалі кутасамі, махрамі, бісерам, нашытымі палоскамі тканіны, металічнымі пласцінамі. Даўжыня беларускага пояса варыявала ад 1,5 метра да 5-ці, а шырыня ад 1,5 см да 20-ці. Мужчыны іх павязвалі на жываце ці пад жыватом, а жанчыны - на талію. Прычым па поясе можна было адразу вызначыць яе статус: пояс злева – замужняя, справа – вольная, па цэнтры – удава. Пра гэта распавяла на вячорках вядучая, кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская.
Асновай для паясоў, якія ткалі або плялі, служылі ільняныя і шарсцяныя ніткі. Ткалі паясы і з шоўкавых, залатых нітак – слуцкія паясы, якія славіліся далёка за межамі Беларусі, іх увекавечыў у сваім вершы Максім Багдановіч. Паэт напісаў знакаміты верш «Слуцкія ткачыхі» пад уражаннем ад слуцкіх паясоў з калекцыі Івана Луцкевіча ў Вільні.
Верш «Слуцкія ткачыхі» на беларускай і рускай мовах артыстычна прачытала на памяць спявачка харавой капэлы «Спадчына» Лілія Воранава, на латышскай мове – намесніца кіраўніка ЦБК Дагнія Літвіноўская.
Слухачам было цікава даведацца цікавыя гістарычныя факты пра слуцкія паясы. Напрыклад, слуцкіх ткачых з верша не існавала, ткалі іх фізічна дужыя мужчыны не ніжэй мяшчанскага ці дваранскага саслоўя. Насілі паясы таксама толькі мужчыны, шляхта. Каштавалі слуцкія паясы цэлае багацце. У цяперашні час у музеях захавалася ўсяго каля 10 слуцкіх паясоў і 40 фрагментаў. Як адзначыў краязнаўца і сузаснавальнік Беларускага таварыства «Уздым» Мікалай Паўловіч, некалі ў Даўгаўпілскай беларускай дзяржаўнай гімназіі знаходзіліся два фрагменты слуцкіх паясоў, якія ўстанове прадаставіў І.Луцкевіч. Паэт і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш «Слуцкія паясы». Што характэрна, сам аўтар быў у беларускай народнай кашулі, падвязанай нацыянальным поясам са Слуцка.
У беларускіх хатах дзяўчыны і жанчыны ткалі і пралі паясы ў вялікай колькасці, паколькі гэты сакральны прадмет-абярэг з'яўляўся абавязковым атрыбутам такіх абрадаў, як вяселле і нараджэнне дзіцяці. Напрыклад, на вяселлі нявеста павінна абдарыць паясамі ўсю радню; бывала, што да 200 паясоў трэба было падрыхтаваць. Выраблялі паясы і на продаж, паколькі яны былі вядомыя сваёй прыгажосцю і існавалі цэлыя гарады, якія спецыялізаваліся на гэтым.
Беларускі пояс працягвае жыць і сёння з'яўляецца не толькі самым яркім элементам беларускага народнага касцюма, але і папулярным сувенірам. Як вырабіць самому беларускі пояс, распавяла і паказала рамесніца з Браслава (Беларусь) Людміла Рулевіч. Свой майстар-клас майстрыха суправаджала расказам аб каляровай гаме паясоў і ўзорах-сімвалах: ураджай, урадлівасць, багацце, каханне, сям'я, продкі, купальскія знакі. Жадаючых навучыцца плесці пояс было вельмі шмат.
На працягу вечара гучалі вершы пра пояс з паэмы «Куфар» Ларысы Геніюш, якія прачытала кіраўніца харавой капэлы «Спадчына» Яніна Юзэфовіч; а верш «Дзявочае сэрца» цікава абыгралі ўдзельнікі фальклорнага ансамбля "Купалінка" Тэрэса Паўлава, Валерый Амбросаў, Надзея Свірковіч і Іна Валюшка.
На вячоркі праекта «Куфар беларускіх скарбаў» у Даўгаўпілс прыехалі ўдзельнікі ансамбля «Завіруха» з Екабпілскага беларускага таварыства «Спаканне», якія таксама зараз рэалізуюць праект да 100-годдзя ЛР, партнёрам у якім выступае ЦБК. Аб плённым супрацоўніцтве казала старшыня таварыства Валянціна Дарашчонак. У перадвелікодныя дні «Завіруха» акапэльна выканала духоўную і народную песні. Яны прывезлі беларускія паясы са сваёй калекцыі народных касцюмаў.
Вечар упрыгожыла выступленне харавой капэлы «Спадчына», якая выканала дзве песні пра любоў да роднай зямлі і краю.
У фінале Ж.Раманоўская падзякавала Людміле Рулевіч за даўняе супрацоўніцтва і падарыла ёй бабіну латвійскіх нітак для вырабу беларускіх паясоў. У сваю чаргу, Л.Рулевіч папоўніла калекцыю ЦБК новым беларускім поясам у латышскай каляровай гаме.
Ажыўленне ў зале выклікала выступленне Л.Воранавай, якая выйшла са старым чамаданам, у якім ляжалі рукадзельныя беларускія рарытэты – ручнікі, сурвэткі, абрус, пакрывала. Іх у Міёрскім раёне вышывала мама Лілі ў пасаг дзвюм дачкам. Цяпер яны стануць часткай музейнай экспазіцыі Беларускага дома ў Даўгаўпілсе.
Запрашаем жыхароў Латгаліі далучыцца да нашай акцыі і перадаць Даўгаўпілскаму Цэнтру беларускай культуры для стварэння музейнай экспазіцыі прадметы беларускага побыту. Кожны падараны экспанат будзе адзначаны падзячнай граматай, а імя дарыльшчыка ўнесена ў летапіс стваральнікаў музея беларусаў Латгаліі.
А праект «Куфар беларускіх скарбаў» працягнецца 25 красавіка, і тэмай вечара стануць абрусы і іншыя прадметы ўпрыгожвання дома.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры