26 лютага 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Уздым" ушаноўвала з 70-гадовым юбілеем аднаго са сваіх найстарэйшых членаў - Валянціну Анікіну.
Валянціна Вячаславаўна Анікіна - ураджэнка Віцебскай вобласці Верхнядзвінскага раёна (Беларусь). Прыехала жыць у Латвію ў 1963 годзе і з 15 гадоў жыве ў Даўгаўпілсе. Тут скончыла прафтэхвучылішча №1, працавала на заводзе хімвалакна і заводзе прывадных ланцугоў; заўсёды добрасумленна выконвала свае прафесійныя абавязкі, за што мае вельмі шмат ганаровых грамат і падзяк, яе фатаграфія часта вісела на Дошцы гонару.
Валянціна Вячаславаўна - сапраўдная беларуска: добразычлівая, шчырая, ветлівая, мудрая, гасцінная і хлебасольная. З'яўляецца актыўным членам беларускага таварыства "Уздым". Заўсёды падтрымлівае ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца "Уздымам" і ЦБК. Да таго ж захапляецца калекцыяніраваннем каляндарыкаў, з выставай якіх госці і змаглі пазнаёміцца на сяброўскім юбілейным вечары.
Па хадатайству Цэнтра беларускай культуры, у сувязі з 70-годдзем Валянціне Анікінай была ўручана грамата ад Даўгаўпілскай гарадской думы. Ад імя Цэнтра беларускай культуры кветкамі і падарункамі юбілярку павіншавала метадыст Марыя Памецька; ад імя "Уздыма" - член праўлення Іна Валюшка.
А потым было шмат музычных падарункаў: ад ансамбля народнай песні "Купалінка", ад танцавальнага калектыву "Лянок", ад харавой капэлы "Спадчына", ад дуэта ў складзе Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай, ад дачкі Алены Боўт і, вядома ж, ад блізкіх сябровак і сяброў.
Юбілейны вечар атрымаўся на славу і аказаўся на рэдкасць сяброўскім, цёплым, па-асобаму шчырым і вясёлым, як і сама віноўніца імпрэзы.
З юбілеем, наша дарагая і паважаная Валянціна Вячаславаўна! Здароўя, шчасця, дабрабыту, натхнення і цудоўнага настрою!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька