У аўторак, 27 лютага 2018 года, у 17.30, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца чарговы творчы вечар вядомага ў Даўгаўпілсе і за яго межамі паэта Паўла Плотнікава са усёабдымнай і сімвалічнай назвай «Прыцягненне. Філасофія жыцця».
Паэт Павел Плотнікаў - ураджэнец Беларусі, закончыў школу ў Літве, потым вучыўся ў Латвійскай сельскагаспадарчай акадэміі. Яшчэ ў школьныя гады захапіўся паэзіяй, але больш сур'ёзна стаў займацца паэтычнай творчасцю ў 1990-я гады.
З 2008 года П.Плотнікаў размяшчае свае вершы на папулярнай паэтычнай інтэрнэт-пляцоўцы «Стихи.ру» пад псеўданімам Павел Апідамскі (Апідамы - беларуская вёска на мяжы з Літвой, дзе ў першы пасляваенны год і нарадзіўся паэт). Таму ў яго лірыцы тэма малой радзімы і Беларусі гучыць асабліва ярка. Беларусь, Літва і Латвія для Паўла Васільевіча - аднолькава любімыя і дарагія сэрцу краіны; кожная пакінула незабыўны след у яго жыцці.
Павел Плотнікаў - паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Рускай пісьменніцкай арганізацыі «Русло», член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў, лаўрэат паэтычнага фестывалю Латгаліі «Рэзэкнэ-2011», дыпламант конкурсу «Паэт года-2015», ганаровы грамадзянін г.Віляны, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў: «Мои перекрестки», «Вилянская мозаика», «Латгальская акварель» і інш.. Яго вершы публікуюцца ў газетах і часопісах Масквы і Санкт-Пецярбурга, Рэзэкнэ і Даўгаўпілса. Павел Плотнікаў з’яўляецца членам Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».
П.Плотнікаў - даўні сябар і часты госць у Беларускім доме. Тут неаднаразова праходзілі яго творчыя вечары, прэзентацыі кніг. На творчым вечары «Прыцягненне. Філасофія жыцця» прагучаць вершы ў выкананні аўтара і іншых паэтаў Даўгаўпілса, а таксама песні ў выкананні калектываў ЦБК і сольных выканаўцаў.
Чакаем вас у аўторак, 27 лютага 2018 года, у 17.30, у Цэнтры беларускай культуры па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68 (уваход са двара).
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры