12 лютага 2016 года ў Цэнтры беларускай культуры прайшоў літаратурны вечар «Беларускаму пісьменніку Івану Мележу-95», арганізаваны сумесна з культурна-асветніцкім таварыствам «Уздым».
Іван Мележ – народны пісьменнік Беларусі, класік беларускай літаратуры, празаік, драматург, публіцыст, лаўрэат шматлікіх дзяржаўных і літаратурных прэмій, аўтар вершаў, апавяданняў і аповесцей, п’ес і артыкулаў. Але больш за ўсё ён праславіўся ў Беларусі і за яе межамі цыклам раманаў «Палескай хронікі»: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань». У гэтых творах выявілася аўтарская грамадзянская смеласць і ідэйная маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі. Аўтар засяродзіў увагу на адлюстраванні думкаў, пачуццяў, псіхалагічнага стану ўдзельнікаў гэтых важнейшых падзей.
Адкрыла літаратурны вечар старшыня таварыства «Уздым» Людміла Сінякова. Вакальны ансамбль ЦБК «Пралескі» выканаў дзве песні на беларускай мове, тым самым задаўшы вечару лірычны творчы настрой.
Консул РБ у Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў, звярнуўшыся да прысутных з прывітальным словам, адзначыў неацэнны ўклад І.Мележа ў беларускую і сусветую літаратуру.
Вялікую цікавасць выклікала выступленне доктара філалогіі, прафесара і выкладчыка Даўгаўпілскага універсітэта Аркадзія Немінушчага аб жыцці і творчасці пісьменніка.
Потым былі паказаны адрыўкі з мастацкага фільма «Людзі на балоце», пастаўленага на кінастудыі «Беларусьфільм». Перад гледачамі прадстала вёска Курані, якая стаяла на балоце і большую частку года была адрэзана ад знешняга свету. Усе прысутныя акунуліся ў атмасферу вясковага жыцця складаных часоў калектывізацыі, пранікліся глыбокімі пачуццямі і трывогамі галоўных герояў.
Яшчэ шмат цікавага аб жыцці і творчасці І.Мележа даведаліся з выступленняў членаў таварыства «Уздым» магістра філалогіі Таццяны Бучэль, літаратуразнаўцы Яўгеніі Гуляевай, Вольгі Паўловіч. Зінаіда Сіліня выканала любімую песню І.Мележа «Каля грэблі шумяць вербы».
Творчы вечар атрымаўся вельмі цікавым і пазнавальным. Гэтаму садзейнічала і кніжная выстава, прымеркаваная да юбілею І.Мележа. Многім захацелася зноўку перачытаць творы вялікага пісьменніка.