У суботу, 6 студзеня 2018 года, у Доме Адзінства ярка і з запалам прайшлі «Беларускія калядкі», арганізаваныя Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК). Маленькія і дарослыя гараджане ўжо ў каторы раз знаёміліся з беларускімі традыцыямі святкавання Каляд, удзельнічалі ў тэатралізаваных дзеяннях і майстар-класах па вырабе калядных паштовак і сувеніраў з элементамі ажурнага выразання паперы (выцінанка).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/197-atskan-ja-baltkrievu-ko-adki#sigProIdbb073ec271
Каляды ў гадавым коле народных абрадаў і святаў здаўна займаюць першае месца. У Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Каляд цесна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Абавязковы атрыбут свята - хаджэнне па хатах з песнямі, гульнямі і варажбой калядоўшчыкаў у касцюмах Казы, Мядзведзя, Механошы, Гаспадыні і інш.. Асабліва значную ролю мае Каза. Па павер'ях, яна выганяе з дому нячыстую сілу, засявае збожжам дом з пажаданнямі дабрабыту і згоды. А для гэтага гаспадары павінны задобрыць Казу і калядоўшчыкаў рознымі пачастункі і манеткамі.
На вясёлае святочнае мерапрыемства сабралася вельмі шмат гасцей: людзі прыходзілі сем'ямі, з дзецьмі і ўнукамі. Многія былі ў касцюмах і масках, так што стваралася адчуванне сапраўдных Каляд з жартамі, песнямі і карагодамі. Удзельнікі вясёлага свята змаглі на свае вочы ўбачыць, як у Беларусі праводзяць калядныя гулянні, як Гаспадыня з каляднай зоркай і калядоўшчыкамі выходзіць «калядаваць»; паіграць на народных беларускіх інструментах і, вядома ж, павадзіць карагоды і пагуляць у пацешныя гульні з Дзедам Марозам і Снягуркай, атрымаць ад іх салодкія прызы за адгаданую загадку, вершы і танцы.
Пакуль адна група дзетак і дарослых актыўна весялілася, другая старанна працавала. На майстар-класе кожны змог знайсці сабе занятак па душы: хто маляваў, хто клеіў, а хтосьці выстрыгаў беларускую выцінанку: анёлаў, сняжынкі, ялінкі, свечкі і рабіў калядную паштоўку.
Некалькі гадзін яскравага свята праляцелі ў адно імгненне. Усе ўдзельнікі беларускіх Каляд з задавальненнем кружыліся ў карагодах, спявалі навагоднія песні, гулялі ў разнастайныя гульні; цікава і весела правялі час з Цэнтрам беларускай культуры і прадстаўнікамі вялікай беларускай дыяспары Даўгаўпілса. І, нягледзячы на тое, што вельмі шмат гараджан сабралася на беларускія калядкі, усім дасталася свая доля святочнага настрою, весялосці, прызоў і падарункаў.
Вось з такім выдатным багажом, складзеным са станоўчых эмоцый, салодкіх прызоў, паштовак, зробленых уласнымі рукамі, і словамі падзякі беларусам Даўгаўпілса за выдатна арганізаванае свята і надзеяй на сустрэчу ў наступным годзе разыходзіліся шматлікія госці свята.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А