У аўторак, 26 снежня 2017 года, у Цэнтры латышскай культуры (ЦЛК) прайшоў баль, які стаў ужо традыцыйным, арганізаваны Латышскім таварыствам Даўгаўпілса і прысвечаны Калядам і калядным традыцыям розных народаў. У яркім свяце прымалі ўдзел прадстаўнікі практычна ўсіх нацыянальна-культурных цэнтраў і таварыстваў нашага шматнацыянальнага горада, у тым ліку і беларусы.
У ціхі калядны вечар ва ўтульнай зале ЦЛК на святочную сустрэчу сабраліся прадстаўнікі нацыянальных таварыстваў. У зале панавала святочная атмасфера: гучалі віншаванні, музыка, песні, смех і, вядома, танцы. Пасля афіцыйных віншаванняў ад кіраўнікоў дэлегацый былі паказаны тэатралізаваныя касцюміраваныя дзеянні, старт якім дала кіраўніца Латышскага таварыства Генавефа Баркоўская.
Прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры не проста прыйшлі на свята ў прыпаднятым настроі, але і паказалі святочны абрад «Беларускія калядкі». З абрадавымі песнямі і прымаўкамі, у яркіх касцюмах, пад гукі акардэона, бубна і званочкаў, з абавязковым атрыбутам - зоркай (знак Віфлеемскай зоркі), на чале з Гаспадыняй, выйшлі «калядаваць» традыцыйныя беларускія «калядоўшчыкі», пераапранутыя ў татэмных жывёл - Каза, Мядзведзь, Певень, а таксама Анёл і Механоша. Каза абсыпала ўсіх збожжам з пажаданнямі добрага здароўя, удачы, шчасця і дабрабыту. Мядзведзь і Певень забаўлялі гасцей, а Гаспадыня так і сыпала яскравымі жартамі-прымаўкамі і пажаданнямі. Яркае прадстаўленне настолькі прыйшлося ўсім да спадобы, што госці вечара шчодра адорвалі беларускіх калядоўшчыкаў рознымі пачастункамі і прысмакамі, і хутка напоўнілі сумку Механошы.
За размовамі, песнямі, танцамі і тэатралізаванымі дзеяннямі час праляцеў незаўважна. Прыемна, што такія калядныя сустрэчы, якія нясуць у сабе зарад дабра, цеплыні і душэўнасці, ужо сталі добрай традыцыяй. Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку кіраўніку Латышскага таварыства Генавефе Баркоўскай за доўгае плённае супрацоўніцтва і цікавыя разнапланавыя мерапрыемствы, якія арганізуе і праводзіць Латышскае таварыства.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68