21 лістапада 2017 года ў Даўгаўпілсе з афіцыйным візітам знаходзілася дэлегацыя Кансультатыўнага камітэта Усеагульнай канвенцыі аб ахове нацыянальных меншасцяў. У рамках праграмы камісія наведала Цэнтр беларускай культуры (ЦБК), дзе сустрэлася з прадстаўнікамі нацыянальна-культурных цэнтраў і таварыстваў Даўгаўпілса.
На сустрэчу з прадстаўнікамі Кансультатыўнага камітэта Усеагульнай канвенцыі аб ахове нацыянальных меншасцяў у ЦБК сабраліся кіраўнікі і актывісты рускай, польскай, украінскай і яўрэйскай дыяспар, таварыства інвалідаў. Замежных гасцей цікавіў шырокі спектр пытанняў: удзел нацыянальных меншасцяў у дэмакратычных працэсах і сацыяльна-эканамічным жыцці ў Латвіі, працэс натуралізацыі, выкарыстанне латышскай мовы, захаванне роднай мовы і наяўнасць настаўнікаў і школ нацменшасцяў, падтрымка дзяржавай развіцця культур нацменшасцяў і інш..
Дэлегацыі гасцей прадставілі прэзентацыю аб дзейнасці Цэнтра беларускай культуры. Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў расказалі пра свае арганізацыі і работу. Сустрэча прайшла ў форме актыўнага дыялогу, у завяршэнні якога ансамбль «Спадчына» выканаў для гасцей песню на беларускай мове.
Прадстаўнікі Кансультатыўнага камітэта наведалі Латвію 21-24 лістапада 2017 года ў трэці цыкл маніторынгу ў рамках Рамачнай канвенцыі аб ахове нацыянальных меншасцяў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры