У суботу, 25 лістапада 2017 года, у г.Ліваны прайшло яркае і незабыўнае свята - VI фестываль народных песень. Арганізатарам мерапрыемства выступілі Славянскае таварыства «Узоры» і Цэнтр культуры Ліванскага раёна. Другі раз на фестываль быў запрошаны вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
У шосты раз фестываль сабраў суседзяў і сяброў, якія заўсёды з вялікім задавальненнем прымаюць удзел у свяце і радуюць гледачоў сваімі песнямі. У гэтым годзе тэмай свята стаў песенны вянок. Удзельнікі фестывалю сплялі вянок дружбы з песень народаў розных нацыянальнасцяў на розных мовах. Вясёлыя і меладычныя кампазіцыі гучалі на латышскай, латгальскай, рускай, польскай, беларускай і ўкраінскай мовах.
Разнастайныя песні выконвалі гаспадары фестывалю - ансамбль "Узоры", які здзівіў гледачоў сваім моўным багаццем і каларытнасцю.
Ліваны ў гэты дзень сустракалі гасцей з Даўгаўпілса, якія разам з добрым настроем прывезлі свае народныя песні на рускай і беларускай мовах. Па запрашэнні сваіх ліванскіх сяброў у вянок дружбы прыехаў увіваць свае блакітныя кветачкі вакальны ансамбль "Пралескі" (мастацкі кіраўнік Настасся Малышава) Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса.
У ўтульнай зале гучала шмат добрых песень, цёплых слоў і шчырых апладысментаў ад удзячных гледачоў. За час музычнага свята быў сплецены рознакаляровы вянок дружбы і добрасуседскіх узаемаадносін.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры