25 лістапада 2017 года харавая капэла «Спадчына» (кіраўніца Яніна Юзэфовіч) Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры адправілася ў г.Глыбокае (Беларусь), дзе прыняла ўдзел у этна-вечарыне ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Стварэнне віртуальных падарожжаў па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёну» у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуе Еўрапейскі Саюз і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/189-spad-ina-piedal-j-s-etno-ve-erink#sigProId1dc897f464
Супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея падрыхтавалі этна-вечарыну «Госць не госць - а гаспадару радасць», удзельнікамі якой сталі народны тэатр фальклору «Цярэшка» (Глыбокае), ансамбль народнай музыкі і песні «Заранка» (Паставы), аўтэнтычны дзіцячы калектыў «Крынiчанька» (Псуя), дзіцячы ансамбль лыжачнікаў (Ламашы), харавая капэла «Спадчына» (Даўгаўпілс, Латвія).
Этна-вечарына пачалася са знаёмства з калектывамі, якія размясціліся па колу ў вялікай зале на лаўках Дома культуры. Вядучыя народнага тэатра фальклору «Цярэшка» Наталля Нікіфаровіч і Дзмітрый Крывёнак запрашалі ўсіх гасцей у гульні і танцы, у якіх дэманстравалі сваё майстэрства калектывы Беларусі. Акцёр Барыс Заяц у ролі шляхціча Быкоўскага запрашаў гасцей выконваць любімыя песні, прыпеўкі, старадаўнія танцы. Каля ста чалавек утварылі два карагоды і пад гармонік закружыліся па танцавальнай зале. Музыка спынялася, і тады «суседзі» віталі адзін аднаго, знаёміліся і распавядалі, адкуль прыехалі.
Потым пачалося самае цікавае - народныя гульні: «У рэмня», «У таўкача», «Хто каго любiць». Танцавалі ўсе, шмат і з задавальненнем: польскі «Абэрак», польку «Ойру», «На рэчаньку", "Каробачку». У перапынках паміж танцамі і гульнямі паказвалі сваё выканаўчае майстэрства ўсе калектывы-удзельнікі.
Пад цудоўную народную беларускую музыку гаспадары вечарынкі прадэманстравалі нацыянальную вопратку жыхароў Глыбоччыны канца XIX - пачатку XX стагоддзя і пазнаёмілі з рамесным майстэрствам (вязанне, ткацтва, пляценне кошыкаў) і з беларускай нацыянальнай кухняй. Госці паспыталі духмяныя стравы, прыгатаваныя з натуральных прадуктаў. Марына Хлор давала майстар-клас па вырабе «маслянага барана», убачыць якога можна толькі ў Глыбоцкім раёне. Гэта страва ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Даўгаўпілскі калектыў «Спадчына» прадставіў беларускія народныя песні «Ночка цёмная», «У садзе гуляла», «Гары, касцёр», латышскую народную песню «Nāk, rudentīnis» і «Šeit ir Latvija», якую падхапіла ўся зала. Саліст Віталь Міхайлоўскі пад гітару выканаў «Калыханку для душы», чым выклікаў бурныя авацыі слухачоў. «Спадчына» прадэманстравала латышскі карагод пад музыку песні «Bēdu manu, lielu bēdu» і развучыла яго з усімі ўдзельнікамі этна-вечарыны.
Рознабаковая праграма этна-вечарынкі падарыла сапраўднае свята ўсім яе ўдзельнікам і наглядна паказала, як уважліва і беражліва адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны ў Глыбоцкім раёне Беларусі.
Удзел харавой капэлы «Спадчына» у этна-вечарыне адбыўся ў рамках падпісанага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта.
Інфармацыя падрыхтавана:
Яніна Юзэфовіч,
кіраўніца ансамбля «Спадчына» Цэнтра беларускай культуры