У суботу, 11 лістапада 2017 года, у г.Браслаў (Беларусь) у раённым цэнтры культуры прайшоў майстар-клас беларускай народнай песні для ансамбля "Купалінка" Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Дадзенае мерапрыемства стала магчымым дзякуючы падпісанаму пагадненню аб супрацоўніцтве паміж ЦБК і аддзелам ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта.
Ансамбль народнай песні "Купалінка" не любіць сядзець на месцы, а пастаянна ездзіць на рознага роду фестывалі і канцэрты па Латвіі, Літве, Беларусі. Не так даўно калектыў прымаў удзел у 21-ым Свяце беларускай песні ў г.Швянчоніс (Літва). На гэты раз выхадны суботні дзень быў прысвечаны паездцы ў прымежны беларускі горад Браслаў.
Многія ўдзельнікі ансамбля - выхадцы з Беларусі, таму заўсёды з вялікай радасцю адпраўляюцца ў падарожжа на сваю радзіму, каб уздыхнуць на поўныя грудзі глыток роднага паветра, прайсці па роднай зямлі, пагутарыць з землякамі. Для ансамбля "Купалінка", які ў гэтым годзе адсвяткаваў сваё 25-годдзе, такія паездкі - гэта новы каштоўны вопыт, новыя песні і новыя знаёмствы, якія потым перарастаюць у плённае творчае супрацоўніцтва. Бо песня іграе аб'ядноўваючую ролю ва ўмацаванні сувязяў паміж людзьмі, арганізацыямі, гарадамі і краінамі.
Майстар-клас праходзіў у Браслаўскім цэнтры культуры. Гасцей з Латвіі гасцінна сустрэла мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні «На панадворку» Шыркевіч Марына Сямёнаўна, якая і правяла занятак з «Купалінкай». Некалькі гадзін плённай працы праляцелі ў адно імгненне. За гэты час ансамбль вывучыў дзве зусім новыя для сябе беларускія народныя песні: «Шэрая лашадачка» (якую праспявалі на два галасы) і «Шумяць вербы» (якую спявалі акапэльна); а яшчэ паспелі пагутарыць у цёплай сяброўскай атмасферы за кубкам смачнай травяной духмянай гарбаты, абмеркавалі творчыя ідэі і планы.
Кіраўнік ансамбля Вячаслаў Пятроў уручыў падарунак Марыне Сямёнаўне, а метадыст ЦБК Марыя Памецька падарыла фатаграфію ансамбля «На панадворку» з фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", удзельнікам якога браслаўскі калектыў быў некалькі гадоў таму.
Для ансамбля "Купалінка" дадзены майстар-клас вельмі карысны, паколькі аматарскі калектыў старанна рыхтуецца да агляду і ўдзелу ў Уселатвійскім Свяце песні да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі, а навучанне фальклорным спевам у носьбіта мовы і на радзіме песні будзе садзейнічаць павышэнню якасці выканання.
Майстар-клас у Браславе адбыўся ў рамках дзеючага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і аддзелам ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама. У сваю чаргу, ЦБК будзе хутка на фестывалі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" прымаць партнёраў - ансамбль «На панадворку» і дэлегацыю Браслава.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры