24 кастрычніка 2017 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная выстава карцін «44 400 крокаў наперад ...» Альфрэды Буліёнкі, члена Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі. Шырокаму гледачу выдалася ўнікальная магчымасць убачыць ручныя працы - карціны, вышытыя крыжыкам.
Беларускі дом даўно і плённа супрацоўнічае з мясцовымі мастакамі. Тут неаднаразова праводзіліся як персанальныя, так і зборныя выставы самадзейных мастакоў. Вось і новы творчы сезон не стаў выключэннем. На выставе прадстаўлена больш за 20 карцін на самыя розныя тэмы: пейзажы, партрэты, сюжэтныя карціны, малюнкі жывёл.
Альфрэда Буліёнка - ураджэнка Краславы, беларуска па матчынай лініі. Рукадзеллем занялася са школьных гадоў на ўроках дамаводства. А вышыўкай карцін сур'ёзна захапілася з 19 гадоў і да гэтага часу прысвячае гэтаму занятку ўвесь свой вольны час. Работы А.Буліёнкі выстаўляліся не толькі ў Даўгаўпілсе, але і ў Латгаліі, Літве, Беларусі; і неаднаразова ў Цэнтры беларускай культуры.
Галоўная гераіня вечара А.Буліёнка маляўніча распавяла пра сябе, пра свае працы і захапленні, пра тое, як яна прыйшла да таго, што вышыўка крыжыкам стала галоўным хобі ў яе жыцці; дзякуючы чаму набыла новых сяброў па інтарэсах. Кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская, уручаючы Альфрэдзе кветкі і афішу, высока ацаніла прадстаўленыя працы і выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва. Метадыст ЦБК Марыя Памецька на правах вядучай распавяла пра цікавыя факты з жыцця мастачкі і перадавала словы для выступленняў і віншаванняў шматлікім жадаючым. Ад імя Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі кветкамі і цёплымі словамі гаспадыню імпрэзы павіншавала мастачка Вэлта Лоцэ.
Пачатак і завяршэнне мерапрыемства адзначыліся музычнымі нумарамі. У цудоўным выкананні харавой капэлы «Спадчына» (ЦБК) прагучалі лірычныя песні на беларускай, латышскай і польскай мовах, якія былі прынятыя публікай «на ўра».
Выстава Альфрэды Буліёнкі «44 400 крокаў наперад ...» будзе адкрыта да 23 лістапада 2017 года (з 9.00 да 17.00 у будныя дні) па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68 (уваход са двара). Уваход бясплатны. Сардэчна запрашаем!
Арганізатар: Цэнтр беларускай культуры.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры