У пятніцу, 1 верасня 2017 года, у 17.00, у Латгальскай Цэнтральнай бібліятэцы пройдзе літаратурны форум "Кніга жыве ...", прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства. Дадзенае мерапрыемства адкрывае новы творчы сезон Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
6 жніўня 1517 года ў Празе выйшаў “Псалтыр” – першая друкаваная беларуская кніга. Яе выдаў Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, перакладчык, выдавец, медык, навуковец эпохі Адраджэння. "Любіце кнігу, таму што яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы", - завяшчаў Францыск Скарына нашчадкам. 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА (спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) і шырока адзначаецца сусветнай грамадскасцю. У Беларусі галоўныя святы гэтай гістарычнай падзеі прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства і пройдуць у гэтым годзе ў старажытным Полацку - родным горадзе Францыска Скарыны, у першыя выходныя верасня.
А ў Даўгаўпілсе Цэнтр беларускай культуры 1 верасня запрашае аматараў кніг на літаратурны форум "Кніга жыве ...» у Латгальскую Цэнтральную бібліятэку.
На літаратурным форуме ўдзельнікі і госці змогуць сустрэцца з даўгаўпілскімі паэтамі, паслухаць у іх выкананні вершы; азнаёміцца з новымі кнігамі, выданнямі пра Францыска Скарыну з бібліятэкі ЦБК; паслухаць музычныя выступленні.
Ганаровым госцем свята стане бібліёграф, пісьменнік, выдавец і проста вельмі цікавы апавядальнік Міхась Казлоўскі з Беларусі. Ён прадставіць сваю новую кнігу «Крывіцкія руны», у якой сабрана проза і паэзія беларускіх літаратараў міжваеннай Латвіі. Унікальная кніга, выдадзеная малым накладам, папоўніла бібліятэку Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
Сустракаемся 1 верасня 2017 года, у 17.00, у зале для мерапрыемстваў Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкі (г. Даўгаўпілс, вул. Рыгас, 22а, 3-ці паверх). Уваход бясплатны.
Арганізатары: Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкай.
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры