З1 мая 2017 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылося чарговае паседжанне Латгальскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый знаёміліся з новым офісам Беларускага дома і вырашалі бягучыя пытанні.
У паседжанні Латгальскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў прынялі ўдзел прадстаўнікі нямецкага, польскага, беларускага, украінскага, яўрэйскага, татарскага, цыганскіх нацыянальных таварыстваў, а таксама прадстаўнікі Рускай пісьменніцкай арганізацыі Даўгаўпілса і Таварыства Латвійска-Беларускай садружнасці.
Сустрэча партнёраў пачалася з экскурсіі па новым офісе ЦБК – на Алеяс,68, і шчырых слоў віншаванняў беларусам. Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і член праўлення Латгальскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Жана Раманоўская ў прывітальным слове падзякавала сяброў за падтрымку, пазнаёміла са структурай і фарматам дзейнасці ЦБК.
Старшыня Латгальскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Вольга Ессе расказала аб новых праектах, якія атрымалі фінансаванне розных фондаў, планах да канца года.
На сустрэчы абмяркоўваліся галоўныя рабочыя пытанні: паездка па абмену вопытам у Елгаву ў жніўні, афармленне выставы аб народах Даўгаўпілса да 100-годдзя Латвіі, арганізацыя і правядзенне Фестываля нацыянальных культур у Крэпасці ў верасні гэтага года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. 65424695