18 мая 2017 гада свой 10-гадовы юбілей адзначыла Рэзэкненскае беларускае таварыства «Сузор'е», якое ўзначальвае Людміла Стэц. На свята быў запрошаны легендарны ансамбль «Песняры» з Беларусі. Павіншаваць сяброў і партнёраў у Рэзэкнэ прыехалі дэлегацыі беларускіх арганізацый Латвіі, у тым ліку Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.
У Рэзэкненскай канцэртнай зале «GORS» адбыўся вялікі канцэрт, які адкрыўся яркім выступам Рэзэкненскага беларускага ансамбля «Сузор'е». У яго выкананні прагучала некалькі беларускіх народных песень.
Юбіляраў са сцэны павіншавалі мэр Рэзэкнэ Аляксандр Барташэвіч, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, дэпутаты Сэйма Зэнта Траццяк і Іван Рыбакоў, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова.
І загучалі песні ў выкананні "Песняроў" - беларускія народныя і аўтарскія, якія сталі візітнай карткай славутага калектыву, а таксама некалькі новых песень. Вельмі цёпла гледачы прынялі песні «Белавежская пушча», «Беларусь», «Волагда», «Касіў Ясь канюшыну", "Мой родны кут", "Паланэз Агінскага" і многія іншыя. Вядомую ўсім «Купалінку» «Песняры» выканалі з моладзевым ансамблем «Сузор'я». Разам з артыстамі зала спявала шлягеры, многія гледачы нават плакалі.
Цяпер артысты двух ансамбляў Рэзэкненскага беларускага таварыства «Сузор'е» могуць смела сцвярджаць, што яны выступалі разам з беларускай легендай - «Песнярамі». Гэта быў іх зорны час - ва ўсіх сэнсах, бо «Сузор'е» азначае шмат зорак. Пра гэта казала ў віншавальнай прамове кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская.
Шмат добрых слоў прагучала на адрас беларускага таварыства «Сузор'е» і яго нязменнага лідэра Людмілы Стэц ад беларускіх дыпламатаў, прадстаўнікоў беларускага грамадства, партнёраў.
На свяце «Сузор'е» урачыста пераняла ад Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца» беларускі ручнік, які па праекце Саюза беларусаў Латвіі да 100-годдзя Латвіі па чарзе вышываюць усе беларускія таварыствы Латвіі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. 65424695