24 мая 2017 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адбылася прэзентацыя новай кнігі «Мысли длиною в жизнь или философия любви» паэта Паўла Плотнікава. Яго паэзія вядомая не толькі ў Латвіі, але і за яе межамі.
У рамках Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе ўжо адбыўся юбілейны канцэрт 10-годдзя тэатральнай студыі «Паўлінка», з вялікай цікавасцю прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй у новым офісе ЦБК на вуліцы Алеяс, 68. Даўгаўпілчане змаглі праверыць свае веды ў напісанні публічнага дыктанта па беларускай мове, а студыя выяўленчага мастацтва «Каларытны свет» зрабіла выдатны падарунак аматарам мастацтва - адкрылася выставы карцін чатырох аўтараў, якія працуюць у розных стылях і кірунках.
Самым вялікім падарункам для прыхільнікаў паэтычнага слова стала прэзентацыя новага зборніка вершаў Паўла Плотнікава пад назвай «Мысли длиною в жизнь или философия любви». Паэтычныя вечары праходзяць у ЦБК рэгулярна і заўсёды з вялікай папулярнасцю. І ў гэты раз на мерапрыемстве яблыку не было дзе ўпасці.
Творчы вечар віншавальнымі словамі адкрыла кіраўнік ЦБК Жана Раманоўская, адзначыўшы сімвалічнасць падзеі, бо 2017 год па календары ЮНЕСКА ва ўсім свеце праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" павіншаваў паэта песняй “Бераг маёй вясны”. Метадыст ЦБК Марыя Памецька пасля прывітальных слоў перадала слова віноўніку ўрачыстасці, які сціпла распавёў пра сябе, пра свой новы зборнік, падзяліўся планамі і прачытаў некалькі вершаў.
Удзельніцы калектыву "Купалінка" Галіна Сантоцкая, Іна Валюшка і Валянціна Ліпінская пранікнёна прачыталі вершы Паўла Васільевіча, у якіх аўтар закранае самыя розныя жыццёвыя пытанні, разважае пра жыццё. Віншаванні гучалі ад прадстаўнікоў беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым», ад літаратараў. Музычныя кампазіцыі пад гітару прагучалі ў выкананні Валерыя Кацегава і Алены Віткевіч.
Творчы вечар прайшоў у дзіўна душэўнай атмасферы, а за кубкам кавы ўсе жадаючыя змаглі пагутарыць з аўтарам, атрымаць у падарунак кнігу, абмеркаваць літаратурныя навінкі і паразважаць пра будучыню.
Інфармацыя падрыхтавана:
Ірына Апейнанэ, арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК,
t. 65424695, маб. 27110857,
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. , www.bkc.daugavpils.lv
Даўгаўпілс, вул. Алеяс, 68