Традыцыйна ў маі ў Даўгаўпілсе пройдуць Дні беларускай культуры. З 19-га па 29-е мая 2017 года Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) запрашае на юбілейнае свята тэатральнай студыі «Паўлінка», Дзень адчыненых дзвярэй у новым офісе, публічны дыктант па беларускай мове, дэбют студыі мастакоў «Каларытны свет», прэзентацыю кнігі паэта Паўла Плотнікава і працяг краязнаўчага праекта «Забытыя імёны».
19 мая – Адкрыццё Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
У канцэртнай зале Цэнтра латышскай культуры (вул. Рыгас, 22а) адбудзецца святочны канцэрт «Тэатральнай студыі «Паўлінка» – 10 гадоў!». Пачатак – у 18.00.
У рэпертуары аматарскага калектыва - пастаноўка на беларускай мове вядомых п’ес: Я.Купалы «Паўлінка», М.Чарота «Мікітаў лапаць», Л.Радзэвіча «Збянтэжаны Саўка», Ф.Аляхновіча «Чорт і баба», сцэнарыяў народных абрадаў «Каляды» і «Купалле», сямейна-бытавых гумарыстычных сцэнак.
«Паўлінка» – дыпламант двух Уселатвійскіх святаў песні і танца, сярэбраны прызёр Даўгаўпілскага фестываля масачных традыцый; удзельнік гастрольных выступленняў у Рэзэкне і Дагдзе, канцэрта да 500-годдзя г.Міёры і фестываля «Залессе збірае сяброў» (Беларусь). На Міжнародным фестывалі народных культур «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» п’еса тэатральнай студыі «Паўлінка» з’яўляецца асноўнай дзеяй гала-канцэрта.
На святочным мерапрыемстве студыя «Паўлінка» парадуе гледачоў сваімі спектаклямі. Акцёраў «Паўлінкі» павіншуюць з юбілеем песнямі і танцамі беларускія калектывы «Купалінка», «Лянок», «Пралескі» і «Спадчына», а таксама сябры з Беларусі.
23 мая – Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай.
ЦБК, які пераехаў у новыя памяшканні на вул. Алеяс, 68, запрашае на Дзень адчыненых дзвярэй з 10.00.
У 14.00 усе жадаючыя могуць праверыць сваё веданне беларускай мовы і прыняць удзел у напісанні публічнага дыктанта. Іх чакаюць падзячныя граматы і медалі ўдзельнікаў Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
У 16.00 у ЦБК адкрыецца выстава карцін. Гэта будзе дэбютны вернісаж удзельнікаў студыі самадзейных мастакоў «Каларытны свет» пад кіраўніцтвам Вэлты Лоцэ.
24 мая – Літаратурны праект «500-годдзе беларускага кнігадрукавання».
У 18.00 у Цэнтры беларускай культуры (вул. Алеяс, 68) адбудзецца прэзентацыя кнігі паэта Паўла Плотнікава. У зборнік «Мысли длиною в жизнь, или философия любви» увайшлі новыя вершы, напісаныя за апошні год і крыху раней.
29 мая – Краязнаўчы праект «Забытыя імёны».
У 10.00 у ЦБК (вул.Алеяс, 68) адкрыецца літаратурная выстава «Латгальскаму беларускаму пісьменніку Віктару Вальтару – 115». Вершы і проза В.Вальтара друкаваліся ў беларускіх выданнях міжваеннай Латвіі, у Празе. Толькі ў 2009 годзе ў Мінску ўбачыла свет кніга выбраных твораў таленавітага самабытнага аўтара, у якую ўвайшоў і раман «Пад знакам Сатурна».
Сардэчна запрашаем на Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
г.Даўгаўпілс, вул. Алеяс, 68