7 красавіка 2017 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася прэзентацыя ўнікальнай кнігі на беларускай мове - “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, прысвечанай аднайменнаму міжнароднаму фестывалю. Метадычнае, этнаграфічнае і краязнаўчае выданне тыражом 100 экзэмпляраў выпушчана ў свет на сродкі Даўгаўпілскай гарадской думы.
Літаратурны вечар адкрыла песня “Кірмаш-кірмашок” на словы Галіны Сантоцкай і музыку Вячаслава Пятрова ў выкананні ансамбля “Купалінка”. І гэта невыпадкова, паколькі прэм’ера песні адбылася на фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” і яна стала яго гімнам. А зараз у фестываля ёсць і свая кніга-летапіс.
Адкрываючы святочны вечар, кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская павіншавала ўсіх са святам Дабравешчання і адзначыла сімвалічнасць падзей: Цэнтр беларускай культуры выдаў сваю першую кнігу і адбылося гэта ў год, калі ЮНЕСКА і ўвесь свет святкуе 500-годдзе кнігадрукавання ад Францыска Скарыны. Што таксама сімвалічна, прэзентацыя кнігі праходзіла ў дзень устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Латвійскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.
Кніга знаёміць чытачоў з гісторыяй Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які стаў значнай падзеяй у жыцці беларускай дыяспары Латвіі, а таксама змяшчае сцэнарыі ўсіх шасці фестываляў з фотаздымкамі, спісамі ансамбляў-удзельнікаў, гасцей, выканаўцаў роляў. Пра значэнне фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у культурным жыцці горада гаварыў у сваёй віншавальнай прамове консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў. Першы экзэмпляр кнігі з дароўным надпісам і ўдзячнасцю за плённае супрацоўніцтва і падтрымку фестывалю быў урачыста перададзены Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе.
Другі шматгадовы і надзейны партнёр ЦБК – беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”, таксама быў удастоены добрымі словамі ўдзячнасці і кнігай у падарунак. У сваю чаргу, праўленне “Уздыма” павіншавала рэдкалегію з паспяховым праектам выдадзенай кнігі.
Сузаснавальніца “Уздыма” і шматгадовы супрацоўнік культуры Яўгенія Гуляева адзначыла высокую якасць кнігі і яе дызайн, важнасць падзеі ў прадаўжэнні выпуску выданняў на беларускай мове ў Даўгаўпілсе.
Кніга напісана на каларытнай беларускай мове з элементамі паланізмаў, русізмаў і бытавой размоўнай лексікі, што нядзіўна, таму што беларусы ў Даўгаўпілс прыехалі жыць з розных вугалкоў вялікай Беларусі і прыўнеслі дыялекты сваёй мясцовасці ў размову на роднай мове ў Латвіі. Сцэнарыі фестываляў пісалі Барыс Іваноў, Галіна Сантоцкая і Інэса Казлоўская. Як яны ствараліся, каб пасля на вялікай сцэне пераўтварыцца ў вясёлы, яркі, музычны спектакль – аб гэтым расказвалі рэжысёры.
Выданне багата ілюстравана фотаздымкамі, у ім кожны ўдзельнік фестывалю знойдзе сябе. А фотаздымкі рабілі Алена Іванцова, Жана Бяляўская, Жана Раманоўская і Ірына Апейнанэ. Дызайн і вёрстку кнігі прафесійна выканала Вольга Крэмер.
Ад ідэі стварэння кнігі да яе друку ў тыпаграфіі, ад складальніка да чытача, пройдзены доўгі шлях. І самым складаным у ім аказалася... карэктура. Аб гэтым расказала рэдактар Марыя Памецька, суправадзіўшы свой расповяд забаўнымі прыкладамі. Уражаннямі ад працы над кнігай падзялілася і карэктар Тэрэса Паўлава.
“Кніга “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” – калектыўная праца таленавітых людзей, якія любяць, ведаюць і шануюць беларускую мову і культуру”, - сказала Жана Раманоўская, падзякаваўшы ўсіх за падтрымку праекта.
Выдавец кнігі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” – Цэнтр беларускай культуры. Выданне ў цвёрдай вокладцы, ўсё поўнакаляровае, 100 старонак, на беларускай мове. Тыраж – 100 экзэмпляраў. Абавязковыя экзэмпляры адпраўляюцца ў Латвійскую Нацыянальную бібліятэку, дароўны – у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” стаў пляцоўкай для адкрыцця новых імён, самадзейных артыстаў, прем’ер. На вечары паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Беларускі кірмаш”, які гучаў з фестывальнай сцэны. На гэтым жа фестывалі адбылося дэбютнае выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля “Пралескі”, які зараз дастойна прадстаўляе Даўгаўпілс на розных музычных форумах у Латвіі, Беларусі, Літве. “Пралескі” упрыгожылі сваімі песнямі свята прэзентацыі кнігі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. +371 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул. Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК – 3 паверх, каб. 305-306