«Свет кветак» - пад такой назвай у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у аўторак,11 красавіка 2017 года, у 16.00, адкрыецца юбілейная фотавыстава Сафіі Кавалёвай-Крываносавай, прымеркаваная да 80-годдзя вядомай у Даўгаўпілсе і за яго межамі фотамастачкі. Тут можна будзе палюбавацца разнавіднасцю кветак: ад мілых нашаму сэрцу палявых да экзатычных. Усе работы аб’яднаны тэмай кветак і нясуць у сабе зарад яркай і станоўчай энергіі, добрага настрою і гармоніі.
Сафія Ільінічна нарадзілася ў вёсцы Пашкова Старасельскага сельсавета Віцебскай вобласці. Падчас вайны, у малалетнім узросце, разам з маці была вывезена ў Германію. Пасля вайны выхоўвалася ў дзіцячым доме. Скончыла Рамесніцкае вучылішча і Электрамеханічны тэхнікум у Рызе. Працавала інжынерам у ПМК Энергастроя ў Даўгаўпілсе.
Сафія Кавалёва-Крываносава - яркая і шматгранная творчая асоба, надзеленая многімі здольнасцямі і талентамі. Некалі ўзначальвала Спартыўны клуб інвалідаў Даўгаўпілса (і зараз удзельнічае ў яго рабоце), прымала ўдзел у спаборніцтвах па шашках, шахматах, стральбе, мае спартыўныя ўзнагароды. Фатаграфіяй займаецца з маладых гадоў, яе фотавыставы неаднойчы праходзілі ў Даўгаўпілсе, а таксама ў Вільнюсе і Пскове. Узнагароджана дыпломам «Залаты аб’ектыў» Акадэміі літаратуры і мастацтва. З’яўляецца членам пісьменніцкай арганізацыі «Русло-Л», выдала тры зборнікі вершаў.
На адкрыцці выставы Сафія Ільінічна раскажа аб сабе, прачытае свае вершы. Таксама прагучаць вершы ў выканні іншых даўгаўпілскіх паэтаў. Прысутныя пачуюць песні на розных мовах у выкананні харавой капэлы ЦБК «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч) і салісткі ансамбля «Пралескі» Юлі Хмяльніцкай.
Выстава «Свет кветак» будзе адкрыта да 28 красавіка 2017 года (з 9.00 да 17.00) па адрасу: Палац культуры, вул.Смілшу, 92, 3 паверх, 305 каб..
Калі ласка!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. + 371 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306