У пятніцу, 31сакавіка 2017 года, у 17.00, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца прэзентацыя перасовачнай выставы, прысвечанай народнаму паэту Беларусі Пятрусю Броўку, створанай на аснове матэрыялаў з фондаў Літаратурнага музея П.Броўкі. Навуковы музейны марафон працягваецца ў рамках доўгатэрміновай дамовы аб супрацоўніцтве, заключанай паміж ЦБК і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, Беларусь).
Пётр Усцінавіч Броўка (1905-1980) - беларускі паэт і пісьменнік, перакладчык, навуковы дзеяч, аўтар паэтычных зборнікаў: “Гады як шторм”, “Паэзія”, “Шляхамі баравымі”, “Насустрач сонцу”, “У роднай хаце”, “Пахне чабор”, “Між чырвоных рабін”, “Калі ласка”, “Ты – мая пчолка”, “Што сэрца праспявала” і інш.; аўтар рамана “Калі зліваюцца рэкі”, аповесцяў “Каландары”, “Донька-Даніэль”.
П. Броўка пераклаў на беларускую мову многія творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, Дж. Байрана і інш., а творы П. Броўкі перакладзены на многія мовы народаў свету.
Пятрусь Броўка з’яўляецца адным са стваральнікаў Беларускай Энцыклапедыі, уладальнікам шматлікіх Дзяржаўных узнагарод і прэмій, заслужаным дзеячам навукі.
У Мінску створаны літаратурны музей Пятруся Броўкі, прадстаўнікі якога пабываюць у гасцях у Беларускім доме, а дырэктар музея Наталля Мізон выступіць на адкрыцці выставы і раскажа аб жыццёвым і творчым шляху П. Броўкі. На вечары таксама прагучаць вершы класіка беларускай літаратуры і песня на яго словы. Харавая капэла Цэнтра беларускай культуры “Спадчына” выканае беларускія народныя песні.
Выстава, прысвечаная творчасці П.Броўкі, адкрыецца ў Цэнтры беларускай культуры па адрасу: Палац культуры, вул. Смілшу, 92, 3 паверх, 305 каб., 31 сакавіка ў 17.00 і будзе працаваць да 11 красавіка 2017 года (9.00-17.00)
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. + 371 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Дварэц культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306