У 2017 годзе спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Валянціны Казлоўскай - паэткі, пісьменніцы, фалькларысткі, якая ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры міжваеннай Латвіі пад імем Лясной Кветкі. Яе жыццё было трагічна яркім і кароткім. Юбілею пісьменніцы прысвечана прэм'ера спектакля «У Калядны вечар" па творы В.Казлоўскай у пастаноўцы тэатральнай студыі «Паўлінка", якая адбудзецца 24 сакавіка 2017 года, у 18.00, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК). Запрашаем адкрыць для сябе новае імя ў культуры.
Валянціна Казлоўская (Лясная Кветка) - ураджэнка Латгаліі, паэтка, пісьменніца, фалькларыстка. Яе радзіма - Лудзенскі край; бацькі былі сялянамі і мелі свой хутар на мяжы з Беларуссю. У 20 гадоў, пасля заканчэння Даўгаўпілскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, В.Казлоўская пераехала з Латвіі ў Мінск і паступіла там у медыцынскі інстытут. Лёс яе быў вельмі трагічны. Маладой загінула ў савецкай Беларусі, была асуджана як латвійская шпіёнка, і да гэтага часу дакладна невядома, дзе пахавана.
Адзінае, што засталося ў памяць пра яе, гэта нешматлікія творы, якія публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях міжваеннай Латвіі. Асобнай кнігай творы Валянціны Казлоўскай да гэтага часу не выдаваліся, толькі ў 2016 годзе ў Мінску выйшла ў свет кніга - "Выбраныя творы Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай», складальнікамі якой з'яўляюцца пісьменнікі Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізнік, якія захоўваюць для гісторыі імёны незаслужана забытых літаратараў беларускага паходжання Латвіі.
П'еса "У Калядны вечар" - невялікая, жартоўная, з простым і зразумелым кожнаму сюжэтам на тэму калядных варожбаў, жаночага сяброўства і чалавечых адносін. Увогуле, ёсць над чым пасмяяцца і пра што задумацца. На суд гледачоў спектакль прадставіць тэатральная студыя ЦБК «Паўлінка" (мастацкі кіраўнік Інэса Казлоўская).
На вечарыне таксама прагучаць вершы В.Казлоўскай і песні.
Творчы вечар адбудзецца ў пятніцу, 24 сакавіка 2017 года, у 18.00, па адрасу: г.Даўгаўпілс, Палац культуры, вул.Смілшу, 92, 3 паверх, З05 каб ..
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306