У сераду, 22 лютага 2017 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. У рамках святкавання адбудзецца прэзентацыя перасоўнай выставы, створанай на аснове матэрыялаў з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (Мінск, Беларусь). На літаратурна-музычнай вечарыне навуковыя супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, Беларусь) раскажуць пра творчасць Максіма Багдановіча. Прагучаць вершы вялікага паэта, рамансы і песні на яго словы.
Да Міжнароднага дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаюць 21 лютага, у Латвіі адкрыецца адразу тры перасоўныя выставы пра беларускіх паэтаў: у Рызе - Рыгора Барадуліна, у Екабпілсе - Петруся Броўкі, а ў Даўгаўпілсе - Максіма Багдановіча. Дзякуючы садзейнічанню Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, навуковыя супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прадставяць творчасць выдатных паэтаў ХХ стагоддзя знатакам паэтычнага слова і беларускай культуры.
У Даўгаўпілсе выстава, прысвечаная творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры М.Багдановіча, адкрыецца ў Цэнтры беларускай культуры 22 лютага. Пачатак - у 17.00.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства будзе пазнавальнай прэзентацыя аб дзейнасці Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і яго 9 філіялах, якія вывучаюць творчасць і захоўваюць літаратурную спадчыну паэтаў і пісьменнікаў: Ф.Багушэвіча, П.Броўкі, В.Быкава, А.Міцкевіча, К.Чорнага і інш ,
Загадчыца культурна-адукацыйным сектарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Юлія Мацук азнаёміць гледачоў з экспазіцыяй і навуковымі даследаваннямі творчасці і біяграфіі паэта.
Член праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" Зінаіда Сілін акапэльна выканае знакаміты раманс "Зорка Венера". Ансамбль народнай песні "Купалінка" парадуе гасцей песнямі пра беларускую мову. Салістка вакальна-інструментальнага ансамбля "Пралеска" Юлія Хмяльніцкая выканае песню-прысвячэнне М.Багдановічу на словы Станіслава Валодзькі. У сваю чаргу, член Саюза пісьменнікаў Беларусі С.Валодзька прачытае свае вершы ў гонар М.Багдановіча.
2017 год у Беларусі аб'яўлены Годам навукі. Плануецца, што на працягу ўсяго года Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе будзе прадстаўляць жыхарам горада выставы пра беларускіх літаратараў з Беларусі, распрацаваныя на аснове навуковых крыніц.
Выстава пра творчасць М.Багдановіча будзе працаваць у ЦБК да 22 сакавіка 2017 года. Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306