17 снежня 2016 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся вечар аўтарскай песні пад назвай “Дарогамі Арыка Крупа”, арганізаваны ў супрацоўніцтве з Мінскім адукацыйным праектам “Навуковыя падарожжы”. Шматлікія гледачы адкрылі для сябе імя паэта, класіка турыстычнай бардаўскай песні Арыка Крупа, які нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, жыў і тварыў у Мінску, загінуў на Усходнім Саяне.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/103-271216-2#sigProIdfd10b290b9
Арон (Арык) Якаўлевіч Круп нарадзіўся ў 1937 годзе ў Даўгаўпілсе ў сям'і адваката і настаўніцы. Закончыў Ленінградскі інстытут кінаінжынераў. Па размеркаванню паехаў працаваць у Мінск інжынерам-оптыкам на механічны завод імя С.Вавілава. Меў два пасведчанні аб вынаходствах. Пісаць песні на свае вершы А.Круп пачаў у 1959 годзе. Быў лаўрэатам конкурсаў турыстычнай песні Усесаюзных паходаў моладзі ў Бресце і ў Маскве, удзельнічаў у Навасібірскім фестывалі ў Акадэмгарадку. Захапляўся горным турызмам и альпінізмам, удзельнічаў у складаных паходах. Арык Круп і восем яго таварышаў загінулі пад лавінай падчас паходу ва Усходнім Саяне. Пахаваны ў Мінску. Яму было 33 гады.
У Мінску дзейнічае адукацыйны праект «Навуковыя падарожжы», у рамках якога 17 снежня 2016 года ў Даўгаўпілсе высадзіўся вялікі дэсант прыхільнікаў творчасці Арыка Крупа. Яны прайшлі па вулачках яго роднаго горада, а потым у Цэнтры беларускай культуры адбыўся вечар бардаўскай песні «Дарогамі Арыка Крупа», які далі барды, лаўрэаты міжнародных фестываляў аўтарскай песні Міла Скарнякова, Сяргей Скурат, Дзмітрый Каваленка і Андрэй Пасюк. Кіраўніца праекта Святлана Бергер, пачынаючы вечар, коратка распавяла пра мэты і задачы праекта і прадставіла выканаўцаў аўтарскай песні.
«А всё-таки, всё-таки хочется жить…» - гэта радок з песні Арыка Крупа. Ён жа і стаў лейтматывам вечарыны, звязаўшы паміж сабой разам празаічныя кароткія ўспаміны артыстаў пра аўтара і музычныя нумары. Непаўторнасць вечара заключалася ў тым, што на фоне фільма пра Арыка Крупа (дзе былі паказаны яго асабістыя і сямейныя фатаграфіі, рукапісы, пісьмы, малюнкі, выразкі з газет, відэазапіс з яго голасам) па чарзе гучалі песні ў выкананні мінскіх бардаў, дапоўненыя іх вуснымі расказамі і ўспамінамі. У ціхі перадкалядны вечар тэмы кахання, сяброў, якія свядома «уходят искать неуют» з цёплых кватэр, і якіх Арон любіў усім сэрцам і быў неверагодна шчаслівы, калі яны збіраліся там; сустрэч і расставанняў, гарадоў, дарог і шчырых гутарак ля вогнішча пад зоркамі, якія даражэй хатняй утульнасці; тэмы пра сінюю птушку, пра сініцу ў руках і жураўля ў небе; рамантыкі горных скал і паходаў, пасля якіх, паводле слоў А.Крупа, становішся з кожным разам багацей духоўна; асабліва трапятліва ўспрымаліся шматлікай публікай, якая сабралася ў зале ЦБК, ледзь змясціўшай усіх жадаючых. А кранальную песню пра Беларусь, выкананую ў канцы вечара, прасякнутую любоўю да сваёй краіны і напамінам аб нашым абавязку памятаць і любіць сваю радзіму, дзе бы мы не былі, падхапілі і падпявалі кранутыя да слёз слухачы.
Пасля заключнай агульнай песні гасцям з Мінска і выканаўцам цёпла падзякавалі педагог, гісторык, дырэктар музея «Евреи в Даугавпилсе и Латгалии» Іосіф Рачко. Ён расказаў, што плануецца да выхаду ў свет кніга пра сто знакамітых яўрэяў Латвіі, у якой будзе адведзена месца і Арыку Крупу. А кіраўніца даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская адзначыла, што 2016 год – Год Культуры ў Беларусі, і ўвесь год ЦБК працаваў пад гэтым знакам. У гасцях у беларускай дыяспары пабывалі знакамітая тэлевядучая Белтэлерадыёкампаніі Ларыса Мятлеўская; бібліёграф, укладальнік кніг Міхась Казлоўскі, аўтар кнігі «Творец возвышенных Мадонн» Аляксей Кузміч-малодшы, узорны аматарскі калектыў дзіцячай музычнай студыі «Альтанка» пад кіраўніцтвам Мікалая Радыёнава, ансамбль народнай песні і музыкі «Траецкія музыкі», мінскі тэатр «Камедыя», ансамблі з Міёр, Полацка, Зэльвы. А закончыўся насычаны творчы год у Цэнтры беларускай культуры вечарам бардаўскай песні і адкрыццём новага імя нашага таленавітага земляка Арыка Крупа.
І песні яго працягваюць жыць!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306