2 мая 2025 года ў Даўгаўпілсе ў рамках мерапрыемстваў “Майскія святы з Польшчай у сэрцы” прайшло традыцыйнае Свята вуліцы Варшавас, якое штогод падтрымлівае Цэнтр беларускай культуры Дома адзінства.
Польская дыяспара – другая па колькасці нацыянальная меншасць Даўгаўпілса з глыбокай гісторыяй і традыцыямі, кожны год маштабна адзначае свае майскія святы. Самае масавае і яркае з іх – Свята вуліцы Варшавас. І гэта не выпадкова, бо на вуліцы Варшавас размешчаны Польская дзяржаўная гімназія імя Ю. Пілсудскага, Цэнтр польскай культуры, Саюз палякаў Латвіі, Даўгаўпілскае аддзяленне польскага таварыства “Промень”.
Сотні палякаў Даўгаўпілса і гасцей з многіх гарадоў Латвіі і Польшчы святочным шэсцем прайшлі ад помніка-крыжа ў парку Свабоды па вуліцы Варшавас да Польскай гімназіі. На шляху шэсця іх віталі прадстаўнікі іншых нацыянальных культур Даўгаўпілса ў сваіх народных строях.
Каля дома №16, дзе ў міжваенны перыяд Латвіі працавала Даўгаўпілская дзяржаўная беларуская гімназія, калону прывітаў ансамбль “Купалінка”, выканаўшы запальныя беларускія народныя песні. Побач з домам №14, каля Цэнтра рускай культуры, гучалі рускія песні.
У гэтым годзе салідарнасць з палякамі таксама праявілі ўкраінскае, літоўскае і нямецкае таварыствы, яўрэйская абшчына, сустрэўшы калону сцягамі сваёй этнічнай радзімы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры