14 кастрычніка 2023 года ў “Доме Адзінства” адбылося восеньскае свята, арганізаванае Даўгаўпілскім латышскім таварыствам, у якім таксама ўдзельнічаў танцавальны ансамбль “Лянок” Цэнтра беларускай культуры.
Даўгаўпілскае латышскае таварыства штогод арганізуе традыцыйныя святы, на якія запрашае партнёраў з іншых нацыянальна-культурных арганізацый. Восеньская сустрэча – адна з такіх традыцый.
Свята адкрыла старшыня Даўгаўпілскага латышскага таварыства Лівія Янкоўская, адзначыўшы каштоўнасць такіх сустрэч, культурнага абмену, захаванне традыцый народных святаў.
У гасцях у Латышскага таварыства былі творчыя калектывы Цэнтра рускай культуры, Цэнтра беларускай культуры, Польскага таварыства “Промень”, прадставіўшы свае канцэртныя нумары. Танцавальны ансамбль “Лянок” структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Віенібас намс” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання выканаў два вясёлыя народныя танцы.
Удзельнікі восеньскага свята падрыхтавалі багатую выставу дароў сада, агарода і лесу. Арганізатары адзначылі граматамі і сувенірамі ўсіх гаспадынь. Сярод узнагароджаных – Аліса Прошчынка, удзельніца ансамбля “Лянок”, са сваёй кампазіцыяй “Восеньская прыгажуня”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры