21 кастрычніка 2023 года, у 14.00, у канцэртнай зале Дома Адзінства (вул. Рыгас, 22А) адбудзецца канцэрт XIII Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, у якім прымуць удзел беларускія самадзейныя творчыя калектывы з Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы.
Традыцыйна Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый, адзначаецца восенню і сёлета пройдзе ў 13-ы раз.
Ужо з 13 гадзін у фае Дома Адзінства гледачоў чакаюць выставы і майстар-класы. Будзе магчымасць убачыць выставу восеньскіх дароў, вязаных і плеценых вырабаў і выставу карцін, паўдзельнічаць у майстар-класах, дзе можна навучыцца вырабляць лялькі-абярэгі і паштоўкі-выцінанкі з аплікацыяй.
У гала-канцэрце, які пачнецца ў 14.00, удзельнічаюць усе творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Скарбніца”, “Паўлінка”, самадзейныя ансамблі і салісты з іншых гарадоў Латвіі, а таксама госці з Эстоніі, Літвы і Польшчы.
Арганізатар фестывалю – структурнае падраздзяленне “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання.
У час мерапрыемства вядзецца фота і відэаздымка для публікацый і архіва ЦБК.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры