7 верасня 2023 года ва ўстанове “Цэнтр беларускай культуры” Даўгаўпілскай гарадской думы (ЦБК) адкрылася выстава карцін “Адлюстраванне” Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. Гэта другая выстава, якой ЦБК адкрыў новы творчы сезон.
З Аб'яднаннем беларускіх мастакоў “Маю гонар”, заснаваным у Рызе ў 1991 годзе, Цэнтр беларускай культуры звязвае даўняе плённае супрацоўніцтва. Штогод у ЦБК праходзяць як зборныя выставы, так і персанальныя: Васіля Малышчыца, Надзеі Ізянёвай-Лаўрыновіч, Ірыны Ятнавай, Галіны Жэлабоўскай. Мастакоў “Маю гонар” аб'ядноўваюць прафесіяналізм, беларускія карані і салідарнасць. У іх працах назіраецца зварот да тэмы радзімы, няхай гэта будуць вулачкі Старой Рыгі ці азёры Палесся. Пра гэта на ўрачыстасці адкрыцця выставы казала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
Калектыўная выстава пад агульнай назвай “Адлюстраванне” у Цэнтры беларускай культуры прадстаўляе 25 работ удзельнікаў Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”: Вячкі Целеша, Васіля Малышчыца, Ганны Пейпіні, Ірыны Трумпель, Анастасіі Арайі, Алены Лаўрыновіч, Ірыны Кароль, Лявона Жукоўскага, Вольгі Якубоўскай, у тым ліку даўгаўпілчан Пятра Худабчонка і Галіны Жэлабоўскай.
Усе карціны выкананы ў розных стылях і тэхніцы, разнастайныя па форме і зместу, але падобныя тым, што напаўняюць сэрцы гледачоў цяплом, пазітыўнымі эмоцыямі і ўражаннямі. Асаблівую цікавасць наведвальнікаў выклікалі выявы прыроды і куткоў малой радзімы.
Кіраўнік Аб'яднання беларускіх мастакоў Васіль Малышчыц адзначыў, што асноўны склад грамадскай арганізацыі – гэта прафесійныя мастакі, хоць дзверы адчыненыя і для таленавітых самадзейных жывапісцаў. Часцей за ўсё выставы праводзяцца ў рыжскай Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі (АНКОЛ), а таксама падарожнічаюць па Латвіі і за яе межамі. У адрас кожнага з прадстаўленых мастакоў В. Малышчыц знайшоў шмат цёплых слоў; асаблівых падзяк удастоіўся заснавальнік Аб'яднання “Маю гонар”, член Саюза мастакоў Латвіі і Беларусі, кавалер Ордэна Трох Зорак Вячаслаў Целеш.
“Мастак павінен гаварыць не словамі, а карцінамі”, – падкрэсліла мастачка Галіна Жэлабоўская, якая прадставіла на выставе пяць работ, з якіх чатыры акварэлі напісаны зусім нядаўна на роднай Браслаўшчыне.
Паэт Станіслаў Валодзька вітаў мастакоў сваімі вершаванымі радкамі аб тым, што яны да родных ніў і мінулага пракладваюць сваім мастацтвам сцяжынкі і масты. Паэт практыкуе выкарыстоўваць у афармленні сваіх кніг рэпрадукцыі карцін мясцовых мастакоў.
Лірычныя і вясёлыя беларускія песні ў выкананні вакальнага ансамбля “Пралескі” (маст. кір. Анастасія Лукашэнак) прыўнеслі ў атмасферу вечарыны дадатковыя яркія і пазітыўныя ноткі.
Выстава “Адлюстраванне” будзе даступна наведвальнікам да 30 лістапада 2023 года, у працоўныя дні з 9.00 да 17.00 па адрасе: Цэнтр беларускай культуры (вул. Алеяс, 68-1А).
Уваход вольны.
Інфармацыя падрыхтавана
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры