У чацвер, 7 верасня 2023 года, у 17.30, установа “Цэнтр беларускай культуры” Даўгаўпілскай гарадской думы (ЦБК) адкрывае выставу карцін “Адлюстраванне” Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”.
Аб'яднанне “Маю гонар” заснавана ў 1991 годзе прафесійнымі мастакамі з беларускімі каранямі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Санкт-Пецярбурга. Работы мастакоў рэгулярна выстаўляюцца ў Даўгаўпілсе, у тым ліку і ў Цэнтры беларускай культуры, з якім у грамадскай арганізацыі склалася плённае супрацоўніцтва.
Групавая выстава ў Цэнтры беларускай культуры пазнаёміць наведвальнікаў з работамі вядомых мастакоў: Вячкі Целеша, Васіля Малышчыца, Ганны Пейпіні, Ірыны Трумпель, Анастасіі Арайі, Алены Лаўрыновіч, Ірыны Кароль, Лявона Жукоўскага, Вольгі Якубоўскай, у тым ліку даўгаўпілчан Пятра Худабчонка і Галіны Жэлабоўскай.
Больш дваццаці выставачных работ выкананы ў розных стылях і тэхніцы, разнастайныя па форме і зместу, але падобныя тым, што напаўняюць сэрцы гледачоў цяплом, пазітыўнымі эмоцыямі і ўражаннямі.
Выстава будзе даступная наведвальнікам да 30 лістапада 2023 года, у працоўныя дні з 9.00 да 17.00 па адрасе: Цэнтр беларускай культуры (вул. Алеяс, 68-1А).
Уваход вольны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры