10 чэрвеня 2023 года вакальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) прыняў удзел у святочным канцэрце “Сузор'е” збірае сяброў”, які прайшоў у Рэзэкненскім Доме культуры нацыянальных таварыстваў.
Рэзэкненскае беларускае таварыства “Сузор'е” – даўні партнёр Цэнтра беларускай культуры. Абмен вопытам, цесныя культурныя сувязі, узаемная падтрымка пры правядзенні творчых мерапрыемстваў сталі добрай традыцыяй.
На гэты раз дэлегацыя ЦБК разам беларускім таварыствам “Уздым” пабывала ў Рэзэкнэ, каб павіншаваць беларускі вакальны ансамбль “Сузор'е” з днём нараджэння. У выкананні калектыву прагучалі беларускія народныя і аўтарскія песні, якія прымаліся публікай вельмі цёпла і душэўна.
Сваю непаўторную нотку ў святочную атмасферу ўнеслі і ўдзельніцы ансамбля “Пралескі” (маст. рук. Анастасія Лукашэнак), а таксама гасцявыя калектывы з Дагды, Лудзы, Малты і Вісагінаса (Літва).
Як адзначыла кіраўніца Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор'е” Людміла Стэц, канцэрт, прымеркаваны да 11-га дня нараджэння ансамбля “Сузор'е”, падарыў шмат пазітыўных эмоцый самадзейным артыстам, сябрам і гледачам, а таму ёсць ідэя зрабіць яго штогадовым.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры