20 сакавіка 2023 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшла паэтычная вечарына памяці, прымеркаваная да Сусветнага Дня паэзіі. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць мясцовых аўтараў вершаваных твораў, якіх не стала ў пандэмію.
Добрая традыцыя праводзіць мерапрыемствы да гэтага дня склалася ў Цэнтра беларускай культуры. На гэты раз паэтычны вечар у Літаратурнай гасцёўні быў прысвечаны сябрам, аўтарам паэтычных радкоў, якія сыйшлі ў іншы свет падчас пандэміі.
На жаль, спіс атрымаўся сумна-працяглым: Яўціхій Канаплёў (1935 – 2020), Зянон Буры (1938 – 2021), Анастасія Сазанкова (1930 – 2022), Марыя Сафронава (1939 – 2022), Соф'я Кавалёва-Крываносава, Валянціна Абушкевіч (1935 – 2021), Зянон Ваяводскі (1947 – 2023).
Кожнаму з іх была прысвечана асобная старонка прэзентацыі і выступленне ўдзельнікаў вечарыны. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, метадыст ЦБК Марыя Памецька, паэты Станіслаў Валодзька, Павел Плотнікаў, Яўген Голубеў, Валянціна Пруднікава, мастачка Вэлта Лоцэ, кіраўніца праектаў Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова, сябры беларускага таварыства “Уздым” Галіна Сантоцкая і Валерый Амбросаў дзяліліся светлымі ўспамінамі, якія суправаджаліся выведзенымі на экран кадрамі: партрэты, фота кніг, сямейныя фота і дакументы з асабістых архіваў герояў паэтычнага вечара памяці.
З фондаў бібліятэкі ЦБК была падабрана багатая выстава кніг; гартаючы старонкі і чытаючы вершы, госці расказвалі пра навеяныя ўспаміны і пачуцці.
Далей “вольны” паэтычны мікрафон даў магчымасць нашым наведвальнікам пачытаць любімыя вершы блізкіх сэрцу аўтараў і паслухаць новыя вершаваныя творы прысутных у зале паэтаў.
А напрыканцы творчага мерапрыемства разам з бардам Анатолем Галерам спявалі аптымістычныя песні, і потым песнямі-вяснянкамі ўсё дружна зазывалі вясну, сонца і надзею.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры