8 верасня 2016 года ў даўгаўпілскім Палацы культуры адбылося адкрыццё юбілейнай выставы карцін Вэлты Лоцэ пад назвай “Мой свет для вас!”, якой Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) пачынае новы творчы сезон.
Імя Вэлты Лоцэ добра вядома ў Даўгаўпілсе і за яе межамі. Карціны мастачкі выстаўляюцца ў Латвіі, Літве, Вялікабрытаніі. Актыўная і энергічная, поўная творчых ідэй жанчына не толькі піша карціны, але і спявае ў беларускім вакальным ансамблі сеньёраў “Спадчына”, праводзіць дабрачынныя майстар-класы ў сацыяльных культурных установах, захапляецца усходнімі танцамі. У 2014 годзе па выніках конкурсу школьных сачыненняў пра лепшых людзей горада, Вэлта Лоцэ была ўдастоена тытула “Гордость Даугавпилса”.
Так атрымалася, што імя мастачкі Вэлты Лоцэ для ўсіх адкрыў Цэнтр беларускай культуры, у якім шэсць год назад прайшла яе першая персанальная выстава. Таму не дзіўна, што юбілейная выстава мастачкі “Мой свет для вас!” таксама праводзіцца ў супрацоўніцтве з ЦБК, і яе Вэлта Лоцэ падаравала знатакам прыгожага, прымеркаваўшы да свайго цудоўнага юбілею – 60-годдзя!
Новы творчы сезон у ЦБК, новая выстава, новая жыццёвая вяршыня Вэлты Лоцэ і ў новым статусе – да юбілею дачка падаравала ёй унучачку. Столькі радасных і светлых момантаў пераплялося ў адной культурнай падзеі! Аб гэтым гаварыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская на адкрыцці выставы, пажадаўшы мастачцы Вэлце Лоцэ святочнага настрою, натхнення, новых перамог, каб чарада дзён напоўнілася поспехамі, любоўю і рухам уперад.
Кіраўніца Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыя Сафронава адзначыла, што не перастае здзіўляцца каласальнай працаздольнасці Вэлты. Яна шмат вандруе і працуе, але пры гэтым заўсёды знаходзіць час для творчасці. Кожная выстава радуе новымі карцінамі і вобразамі – пейзажамі, кветкамі, нацюрмортамі. Не хапае толькі аўтапартрэта. Яго і пажадалі ўсе дружна стварыць мастачцы.
Карціны Вэлты Лоцэ сонечныя, у іх шмат свету - падмеціў паэт і выканаўца Анатоль Галлер, прачытаўшы віншаванне ў вершах.
Віншаванне-песню Вэлце прысвяціў Валерый Кацегаў, з якім яны разам спяваюць у ансамблі “Спадчына” і выступаюць дуэтам. Дапаўненнем да прыгожай кветкі белай ліліі стала песня “Лілія”, якую яны разам выканалі пад щодрыя апладысменты прысутных.
Работы Вэлты Лоцэ і яе выстава натхнілі жыхарку Даўгаўпілса з беларускімі каранямі Еўфрасінню прадставіць на суд гледачоў свае карціны, якія яна “піша ў стол”. І ў снежні ЦБК адкрые гэтаму свету новае імя мастака.
Выстава карцін Вэлты Лоцэ “Мой свет для вас!” будзе адкрыта ў фае Палаца культуры да 17 верасня 2016 года. У кнізе пажаданняў ёсць магчымасць пакінуць свае пажаданні мастачцы. Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жана Раманоўская, кіраўніца ЦБК,
т. 654 24695, 20374840, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306