20 красавіка 2023 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся чацвёрты этап даследчай акцыі “Суквецце культур”. Тэмай сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтра рускай культуры і таварыства “Дома Калістратава” стаў Вялікдзень: падабенства і адрозненне абрадаў і традыцый свята.
Традыцыйна знаёмства з Беларускім домам пачалося з экскурсіі і прэзентацыі аб Цэнтры беларускай культуры. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская распавяла пра сутнасць праекта “Суквецце культур”, а таксама пра папярэднія сустрэчы з іншымі культурна-нацыянальнымі таварыствамі.
З традыцыямі і абрадамі аднаго з самых папулярных у беларусаў рэлігійнага свята Вялікдзень падрабязна пазнаёміла метадыст ЦБК Марыя Памецька. Пры гэтым апавяданне суправаджалася ўрыўкамі са знакамітай паэмы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа “Новая зямля”. Цэлы раздзел твора прысвечаны галоўнаму веснавому святу, і ў ёй падрабязна і смачна апісаны ўсе звязаныя з ім традыцыі.
У розных рэгіёнах Беларусі ёсць свае асаблівасці святкавання, з якімі падзяліліся прадстаўнікі Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе, сябры беларускага таварыства “Уздым”; а паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў гэтай падзеі свой верш “Святкуем Вялікдзень!”.
Асаблівую яркую нотку ўнеслі валачобнікі, у ролі якіх выступіла дзіцячая студыя “Скарбніца” (мастацкі кіраўнік Настасся Лукашэнак). Дзеці паказалі важны традыцыйны элемент, як валачобнікі хадзілі па дамах, спявалі велікодныя песні, у якіх усхвалялі гаспадароў, жадаючы ім шчасця і дабра. Юныя артысты выканалі некалькі абрадавых песень і, як прынята, атрымалі ва ўзнагароду смачныя велікодныя пачастункі.
Госці ЦБК з задавальненнем перанялі эстафету і пазнаёмілі з асаблівасцямі Вялікадня ў рускай культуры. Кіраўніца Цэнтра рускай культуры, дэпутат Даўгаўпілскай гарадской думы Наталля Кажанава ўручыла традыцыйныя велікодныя падарункі – духмяныя кулічы і расказала аб некаторых адрозненнях святкавання ў суседніх народаў. Фальклорны ансамбль “Русічы” (мастацкі кіраўнік Таццяна Зубкова) выканаў некалькі духоўных песень са свайго рэпертуару, адну з якіх нават праспявалі разам з дзіцячай студыяй “Скарбніца”.
А потым усе дружна “каталі” фарбаваныя яйкі, гулялі ў беларускую карагодную гульню “Падушачка”, разам натхнёна спявалі беларускія і рускія песні і, вядома ж, дэгуставалі беларускую нацыянальную кухню – фірменныя дранікі. На памяць усім гасцям дасталіся папяровыя велікодныя яйкі – узор выцінанкі, традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў беларусаў.
Праект аб мультыкультурнай разнастайнасці Даўгаўпілса “Суквецце культур”, які стартаваў у студзені гэтага года, завершыцца 12 мая 2023 года вялікім сумесным канцэртам, прымеркаваным да Міжнароднага дня культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры