Радаўніца. Свята, дзень першага пасля Вялікадня памінання памерлых. І пасля зімы першы аб'езд магіл дзеячаў беларускай абшчыны розных перыядаў.
За апошнія тры гады шмат хто сышоў… Лічым новенькія помнікі і магілы беларусаў па ўсім Даўгаўпілсе – Лютэранскія могілкі, Каталіцкія, Камунальныя, Яўрэйскія, Праваслаўныя, Брацкія, Грыўскія, Гарнізонныя…
Па традыцыі, прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” вясной і восенню, у дні памінання памерлых па беларускім календары, наведваюць могілкі беларусаў міжваеннага перыяду і сучаснага. Рытуал звыклы: уборка магілы, запальванне лампадкі, ускладанне кветак, малітва.
Запалілі лампадку і на магіле Валянціны Пятроўны Абушкевіч, таленавітага ўрача і гаспадыні. На надмагільнай пліце малюнак яе любімых вязаных сурвэтак, іх неаднаразова бачылі наведвальнікі ЦБК і гледачы фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. У той жа дзень дасталі швейную машынку рукадзельніцы і пачалі шыць рэквізіт – жыццё працягваецца, з памяццю ў сэрцы аб заслужаных людзях, якія пакінулі гэты свет.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры