6 красавіка 2023 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках цыкла вясновых выстаў адкрылася першая персанальная выстава карцін “Маляўнічая палітра” самадзейнай мастачкі Ганны Багдановіч.
Ганна Багдановіч упершыню прадстаўляе шырокаму гледачу свае працы – больш за 30 карцін: пейзажы, нацюрморты і кветкі, кветкі, кветкі. Палітра тэм і фарбаў вельмі разнастайная; натхненне мастачка чэрпае з навакольнага свету.
А. Багдановіч закончыла Даўгаўпілскі ўніверсітэт па спецыяльнасці магістр эканомікі, працуе фінансавым кансультантам у адным з даўгаўпілскіх банкаў. З беларускай культурай і традыцыямі знаёмая з дзяцінства, бо бабуля родам са старажытнага Полацка. Таму лагічным было далучэнне Ганны да Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і адкрыццё першай персанальнай выставы ў Цэнтры беларускай культуры.
З дзяцінства творчасць займае асаблівае месца ў жыцці А. Багдановіч. Скончыла курсы ў мастацкай школе “Саўлес”. Пажаданне сяброў: “Паспрабуй!” і неўтаймаванае жаданне тварыць зрабілі сваю справу. І вось ужо два гады Ганна спрабуе сябе ў розных тэхніках жывапісу, шляхам спроб і памылак самастойна асвойвае тэхнічныя прыёмы. “Раней малявала карціны на палатне алеем, на дадзены момант знаходжуся ў творчым пошуку сваёй тэхнікі для самавыяўлення”, – адзначыла мастачка ў сваім выступленні.
Аўтара карцін радавала ўсё: і атрыманая ад вядучай М. Памецька афіша яе выставы, і кветкі, і пажаданні паспяховага творчага росту, і музычны падарунак ад ансамбля “Купалінка”. Вясёлая беларуская народная песня “Гай зеляненькі” парадавала ўсіх наведвальнікаў.
Маляўнічая палітра Цэнтра беларускай культуры папаўняецца новымі імёнамі, яркімі фарбамі і добрымі эмоцыямі.
Выстава карцін “Маляўнічая палітра” Ганны Багдановіч будзе адкрыта ў Цэнтры беларускай культуры (г. Даўгаўпілс, вул. Алеяс, 68) у працоўныя дні (9.00-17.00) да 30 красавіка 2023 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры