5 красавіка 2023 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) стартаваў цыкл вясновых мастацкіх выставак. “Каляровы калейдаскоп” – так называецца першая персанальная выстава вышыўкі педагога Сандры Раманоўскай, прымеркаваная да светлага свята Вялікадня.
Сандра Раманоўская ўпершыню прадстаўляе ўвазе гледачоў свае работы – каля 30-ці выдатных карцін, вышытых крыжыкам. Дзіўныя кветкі, чароўная прырода, мілыя домікі, мясцовыя і марскія пейзажы цешаць вока і саграваюць душу.
Сандра працуе выхавацелем у Даўгаўпілскай Стропскай асноўнай школе–цэнтры развіцця і вучыцца ў магістратуры Даўгаўпілскага ўніверсітэта, вывучае міжкультурныя адносіны. З беларускай культурай і традыцыямі пазнаёмілася праз мужа, часта працуе валанцёрам на мерапрыемствах ЦБК. Выстава вышыўкі з прыроднымі і сямейнымі матывамі напярэдадні Вялікадня – гэта папулярызацыя традыцыйнага рамяства, характэрнага для многіх народаў; а таксама стваральнага вольнага часу, цікавага віду рэлаксацыі.
Аўтар выставы С. Раманоўская: “Я з сям'і педагогаў, маці вяжа, бабуля вышывала і была вялікай майстрыцай, таму розныя віды рукадзелля мне добра знаёмыя, шмат што ўмею. Але менавіта вышыўка крыжыкам аказалася самым любімым заняткам. Стала заўважаць, што пасля працоўнага дня рукадзелле не толькі прыхарошвае вечар, але і здымае стрэс, эмацыйна аднаўляе. Пачала шукаць розныя тэмы і сюжэты, а вышытыя карціны і паштоўкі дару блізкім людзям на разнастайныя святы. Зараз вяду ў інстаграм старонку па сваім любімым хобі, і вельмі цікава бачыць пазітыўную рэакцыю падпісчыкаў на новыя працы. Гэта неверагодна натхняе”.
Новы імпульс для ўдасканалення і развіцця Сандра атрымала на адкрыцці сваёй выставы ў ЦБК і падзялілася марай: не толькі па-майстэрску вышываць карціны, але і ствараць свае, аўтарскія.
Па традыцыі, вядучая вечарыны метадыст ЦБК Марыя Памецька ўручыла аўтару выставы арыгінальны букет і афішу мерапрыемства, пажадаўшы новых творчых поспехаў і дасягненняў. Музычны падарунак ад трыа (мастацкі кіраўнік Анатоль Галлер) унёс сваю яркую нотку, а аптымістычная песня пра красавік зарадзіла ўсіх вясновым настроем.
Выстаўка вышыўкі “Каляровы калейдаскоп” Сандры Раманоўскай будзе адкрыта ў працоўныя дні (9.00-17.00) у Цэнтры беларускай культуры (г. Даўгаўпілс, вул. Алеяс, 68) да 30 красавіка 2023 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры