У нядзелю, 26 лютага 2023 года, у Рызе, у доме Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі (АНКОЛ) адбылося свята сустрэчы вясны, у якім удзельнічаў ансамбль беларускай песні “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.
“Насустрач вясне” – разгорнуты, зборны фальклорны канцэрт, на які артыстаў і гледачоў запрасіў кіраўнік АНКОЛ, прафесар Рафі Хараджанян. Ён пачаўся ўкраінскім блокам, з прадстаўлення выставы карцін мастака Івана Віцюка, які апошнія месяцы жыве і працуе ў Рызе, а таксама вакальнага, музычнага і паэтычнага выступленняў. З рускімі вясновымі песнямі гледачоў пазнаёмілі калектывы “Лада”, “Гармоніка” і “Берандзейка”. А балгарскі дуэт не толькі спяваў, але і расказаў аб вырабе мартэнічак – гэта такія бранзалеты, якія вяжуць на запясці рук як сімвал вясны, цяпла і радасці.
Беларускія вясновыя традыцыі ўдзельнікам канцэрта “Насустрач вясне” прадставіў ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў). Паколькі менавіта ў гэты дзень заканчваўся масленічны тыдзень, з аднайменнай песні калектыў і пачаў своё выступленне. Беларусы гукаюць вясну на прыродзе, на высокім месцы ці беразе ракі, весела, з песнямі, карагодамі, павязваючы на дрэвы і атрыбуты яркія стужкі як сімвал квітнення. З сонцам-колам у стракатых стужках артысты выконвалі песню-вяснянку “Вол бушуе”, а зала актыўна падцягвала “Гу-у-у!”.
Гумар, жарты і гульні таксама з'яўляюцца часткай вясновага свята, што і паказала “Купалінка”. Напрыклад, карагодную песню-гульню “Падушачка” вельмі любіць моладзь, а народнай песні “Цячэ вада ў ярок” дружна падпявала ўся зала. Добрыя словы пажаданняў і запрашэнне гледачоў на Латвійскае свята песні ў Рызе ў ліпені, дзе ў Верманскім садзе будзе выступаць і ансамбль “Купалінка”, падарункі птушачак-аплікацый (выцінанка) завяршылі выступленне беларускага ансамбля з Даўгаўпілса.
Прыемным сюрпрызам масленічнага тыдня стаў пачастунак. Бліны са смятанай і варэннем, з мядова-травяным напоем (збіцень) прыйшліся да спадобы абсалютна ўсім!
Цэнтр беларускай культуры ўдзячны кіраўніку АНКОЛ Р. Хараджаняну за запрашэнне і сардэчны прыём, беларускаму таварыству “Світанак” за прытулак, беларускаму таварыству “Вытокі” за падтрымку!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры