21 лютага 2023 года, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшла IV Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, у якой прынялі ўдзел даследчыкі, работнікі культуры, педагогі з Латвіі, Беларусі, Літвы і Эстоніі.
У культурнай прасторы Латвіі і Беларусі шмат агульных кропак судакранання, і штогод на канферэнцыі “Беларускія чытанні” вучоныя і даследчыкі з розных краін адкрываюць новыя старонкі ў гісторыі культурных латвійска-беларускіх сувязей. Чытанне і абмеркаванне 10 дакладаў праходзіла адначасова і ў ЦБК, і на пляцоўцы zoom.
Штогод у навуковых чытаннях прымае ўдзел кандыдат культуралогіі Алесь Суша (Мінск, Беларусь). На гэты раз вучоны гаварыў аб беларускіх кніжных помніках, якія знаходзяцца за мяжой, іх уліку і прадстаўленні чытачам. Напрыклад, найстаражытнейшае Тураўскае Евангелле захоўваецца ў Літве, а большасць першадрукаваных кніг Францыска Скарыны – у Расіі.
Магістр культуралогіі Андрэй Ціхаміраў (Гродна, Беларусь) на гэты раз прадставіў цікавыя звесткі пра ўраджэнца Венспілса, перакладчыка Талрыдса Руліса, які, дарэчы, самастойна вывучыў беларускую мову і рабіў пераклады.
Водарам паэзіі і музыкі было прасякнута выступленне бібліятэкара Вольгі Камякевіч (Зэльва, Беларусь) пра Свята “Зэльвенскія сакавіны” як прыклад заснавання культурнага мерапрыемства ў супрацоўніцтве з вядомым земляком.
Педагог Ніна Пээрна (Талін, Эстонія) падзялілася вопытам арганізацыі і правядзення міжнародных конкурсаў дзіцячага малюнка па творчасці вядомых беларускіх паэтаў-юбіляраў.
Пра традыцыйныя беларускія святы Клайпедскага таварыства “Крыніца” у прэзентацыйным фармаце расказала педагог Наталля Дамненка (Клайпеда, Літва).
Нязменна частка выступленняў прысвячаецца юбілеям вядомых творчых асоб. У маі 2023 года спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальніка прыгодніцкага і навукова-фантастычнага жанраў Янкі Маўра, які нарадзіўся ў Ліепаі. Педагог-філолаг Ганна Іване (Рыга, Латвія) падзялілася са слухачамі займальным дакладам пра пісьменніка. Праз слова, праз кнігу Я. Маўр вучыў марыць і адкрываць новы нязведаны свет.
Гісторык Валянціна Слаўкоўская (Даўгаўпілс, Латвія) свой даклад прысвяціла тэме “Аляксей Барткевіч – беларускі дырэктар латышскай школы”, а магістр гісторыі Іосіф Рочка – “Лазар Ран – беларускі мастак з Даўгаўпілса”.
Латвійскаму следу дзеяча беларускай культуры і актрысы Паўліны Мядзёлкі прысвяціла свой даклад магістр міжкультурных адносін Марыя Памецька, а магістр міжкультурных адносін Жанна Раманоўская ацаніла ролю Даўгаўпілскай Беларускай дзяржаўнай гімназіі праз прызму яе 100-годдзя.
Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымаюць сертыфікаты і зборнік артыкулаў, які будзе выдадзены.
Арганізатар IV Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні” – Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры