“Суквецце культур” – так называецца новы даследчы праект, які сёлета запусціў Цэнтр беларускай культуры, запрасіўшы да дыялогу ўсе нацыянальныя культуры Даўгаўпілса. Першымі гасцямі сталі прадстаўнікі Латышскага таварыства і Літоўскага таварыства. Тэмай знаёмства стаў беларускі народны абрад Каляды (Рождество).
Гасцей віталі калядоўшчыкі – Каза, Суманоша, Варажбітка, Музы́ка, якія з песнямі і жартамі віншавалі ўсіх з Новым годам, жадалі здароўя, багацця, дабрабыту. Так беларусы традыцыйна на Каляды ходзяць па дамах, збіраючы пачастункі і дорачы блізкім добры настрой. Гэты час сустрэч, падарункаў, радасці і спадзяванняў. Госці з задавальненнем вадзілі карагод, развучвалі беларускі танец “Карапет”, спявалі народную песню “Касіў Ясь канюшыну”.
Чым адрозніваецца святкаванне Калядаў у латышоў і літоўцаў? Пра гэта расказалі госці. Аказалася, у суседніх народаў у гэтым шмат агульнага. І песні латышскія спявалі разам. Абмеркавалі актуальную для ўсіх аматарскіх ансамбляў тэму – падрыхтоўку да Латвійскага свята песні, якое пройдзе летам у Рызе. У літоўцаў і беларусаў наперадзе яшчэ конкурсны адбор – выступленне перад прадстаўнічым журы.
Неад'емнай часткай Калядных святаў з'яўляюцца падарункі. ЦБК падрыхтаваў сувеніры, у тым ліку абярэг – саламянага “павука”, у латышоў гэта “puzuris”. Вырабы такіх дэкаратыўных упрыгожванняў цесна звязаны з абрадамі Калядаў у суседніх народаў. Дзякуй сябрам з Латышскага таварыства і Літоўскага таварыства за падарункі і пазітыў!
Завяршальным этапам сустрэчы стала дэгустацыя беларускай нацыянальнай кухні. Галоўныя пачастункі – дранікі з хатняй смажанкай і смятанай, журавінавы морс. Іх лічаць беларускімі стравамі, але латышам і літоўцам яны таксама добра вядомыя.
На сустрэчу ў лютым Цэнтр беларускай культуры запрасіў Яўрэйскую абшчыну. Размова пойдзе пра мастака-экспрэсіяніста сусветнага ўзроўню Хаіма Суціна (1893-1943), ураджэнца Беларусі яўрэйскага паходжання. Будуць сустрэчы і з іншымі дыяспарамі, і кожны раз будзе новая інфармацыйная нагода.
Даўгаўпілс – гэта разнастайнасць. Такім дэвізам горад пазіцыянуе сябе, у тым ліку як горад поліэтнічны, мульцікультурны. Мы розныя, але жывем побач, цікавыя адзін аднаму, і дыялог культур рэальны. Завершыцца праект сумесным канцэртам “Суквецце культур”, які пройдзе ў маі ў Доме Адзінства і будзе прымеркаваны да Сусветнага дня культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/591-baltkrievu-kulturas-centrs-pulce-kulturu-ziedesanu#sigProIdc9a09f09ef
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры