29 кастрычніка 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры з аншлагам прайшоў IV Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні, арганізаваны Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам "Уздым". У гэтым годзе культурны форум набыў паэтычную назву – "Восеньскія зоры", якая адлюстроўвае яго сутнасць: восенню, пад зоркамі, запальваюцца новыя песні і "зоркі".
Песняй "Беларусь", напісанай мінскім бардам і ўраджэнцам Даўгаўпілса Арыкам Крупам незадоўга да гібелі ў гарах у 1971 годзе, адкрыўся IV Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні "Восеньскія зоры". Гэта ўжо традыцыя. Калісьці імя класіка турыстычнай песні дало імпульс узнікненню фестывалю беларускай аўтарскай песні на яго радзіме, звязаўшы Даўгаўпілс і Мінск, Латвію і Беларусь.
А далей эстафету перанялі барды, выканаўцы, паэты і ансамблі. У таварыстве "Уздым" шмат таленавітых людзей і аўтараў вершаў. На вечарыне прагучалі песні на словы Станіслава Валодзькі і Ліліі Воранавай, а яшчэ вершы Людмілы Вілюмы і Яўгена Голубева, якія таксама гучаць у музыцы.
У фестывалі беларускай аўтарскай песні прынялі ўдзел: бард Анатоль Галлер, дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ермачэнкі, Яніна Юзэфовіч, Вэлта Лоцэ, ансамблі "Скарбніца", "Пралескі", "Спадчына" і "Купалінка" (Даўгаўпілс), Жанна Слядзеўская (Малта), дуэт Яўгена Пашкевіча і Лідзіі Знотыні (Ліваны), Наталля Елізар'ева (Екабпілс), ансамбль "Раздолле" (Ліваны), Сяргей Шанькін (Вільнюс, Літва) удзельнічаў онлайн.
Дзве гадзіны праляцелі нібы на адным акордзе. Кожны ўдзельнік фестывалю выканаў адну песню на беларускай мове (абавязковую па ўмовах фестывалю), а другую на свой выбар. Многія песні былі знаёмыя аўдыторыі, таму зала ахвотна падпявала і літаральна авацыямі праводзіла кожнага выканаўцу.
Па традыцыі фестываль завяршыўся ўзнагароджваннем удзельнікаў – дыпломы, фірменныя кубкі і восеньскія кветкі ўручылі гасцям старшыня таварыства "Уздым" Лілія Воранава і аўтар фестывальнага праекта Жанна Раманоўская.
Фотасесія і нязмушаныя зносіны прадоўжылі суботні вечар, падчас якога нараджаюцца новыя песні, дуэты, ідэі і планы. У наступным годзе фестываль будзе адзначаць свой першы юбілей – 5 гадоў, а значыць, праграма будзе асаблівай, і прыхільнікаў беларускай бардаўскай і аўтарскай песні чакаюць сюрпрызы.
Арганізатар фестывалю – Беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Уздым" у супрацоўніцтве з Цэнтрам беларускай культуры.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры
Фота: Інэса Казлоўская