22 кастрычніка 2022 года ў Вісагінасе адбылося XXVI Свята беларускай песні, арганізаванае Аб'яднаннем беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. На фестывалі ў горадзе садружнасці пабывалі беларусы Даўгаўпілса: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і прадстаўнікі культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Беларусы Даўгаўпілса і Літвы – даўнія партнёры і сябры, якія прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах сваіх партнёраў. Па запрашэнні Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы і Вісагінскага беларускага культурнага цэнтра “Крок” калектывы ЦБК раней пабывалі з выступленнямі ў Вільнюсе, Клайпедзе, Швянчонісе і г.д.
Фестываль беларускай песні ў Літве мае багатую гісторыю і традыцыі. Геаграфія месца правядзення пастаянна мяняецца, менавіта таму беларуская песня гучала ў розных куточках Літвы і ўсюды вельмі добразычліва і ветліва прымалася гледачамі. На гэты раз гасцей фестывалю прымала канцэртная зала Вісагінскага цэнтра культуры. У перапоўненай зале гучалі беларускія народныя і аўтарскія песні ў выкананні аматарскіх калектываў і салістаў з Літвы, а таксама з Даўгаўпілса і Дагды (Латвія).
Нараўне з афіцыйнымі асобамі ўдзельнікаў і гледачоў фестывалю цёпла павіншавалі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская і старшыня “Уздыма” Лілія Воранава, з добрымі словамі на беларускай мове і сувенірамі з латвійскай сімволікай. Сваімі вершаванымі радкамі ўдзельнікаў святочнага канцэрта павіншаваў паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька (песні на яго словы гучалі на канцэрце).
А потым меладычнай: то бурнай, то вясёлай, то настальгічнай ці лірычнай ракой палілася беларуская песня ў выкананні шматлікіх літоўскіх і латвійскіх калектываў. Ансамбль “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) выканаў тры гульнявыя песні, якія “на ўра” былі ўспрыняты слухачамі. Зрэшты, гэта не дзіўна, бо кожная песня была тэатральна абыграна і выканана з вялікім натхненнем і энтузіязмам.
Паездка ў гасцінны Вісагінас прайшла на здзіўленне лёгка і на суцэльным пазітыве. Надвор'е парадавала цудоўным сонечным днём – ад неверагоднай прыгажосці размаляванай восенню стракатай лістоты проста захоплівала дух, а невялікі гарадок прыцягваў увагу спакоем, утульнасцю і дагледжанасцю. Асобных слоў падзякі заслугоўваюць мясцовыя гледачы, якія не шкадавалі бурных апладысментаў, крыкаў “брава!”, кветак і ўсмешак.
У лютым 2022 года Вісагінас і Даўгаўпілс падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, у тым ліку ў сферы культурных актыўнасцяў. Удзел даўгаўпілскага творчага калектыву ў фестывалі ў Вісагінасе стаў пацвярджэннем таго, што культура, песня і сапраўднае сяброўства не маюць межаў!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры