8 кастрычніка 2022 года ў канцэртнай зале Дома Адзінства прайшло тэматычнае мерапрыемства “Восеньскі баль”, арганізаванае Даўгаўпілскім латышскім таварыствам, у якім таксама прынялі ўдзел калектывы Цэнтра беларускай культуры – вакальны ансамбль “Пралескі” і дзіцячая студыя “Скарбніца” і прадстаўнікі таварыства “Уздым”.
Ужо традыцыйна ў адзін з цёплых і прыгожых восеньскіх дзён Даўгаўпілскае латышскае таварыства збірае ўсе культурныя цэнтры і таварыствы нацыянальных меншасцей на агульнае мерапрыемства пад назвай “Восеньскі баль”, якое праходзіць у нефармальнай абстаноўцы з мэтай бліжэй даведацца адзін пра аднаго, абмяняцца думкамі і ўражаннямі, прадэманстраваць свае таленты. Падчас свята кожны ўдзельнік мог выказаць свае словы падзякі і падзяліцца з усімі сваёй музычнай творчасцю.
Вакальны ансамбль “Пралескі” і дзіцячая студыя “Скарбніца” павіншавалі арганізатараў мерапрыемства з такой выдатнай падзеяй, якая аб'ядноўвае і дае магчымасць кантактаваць паміж сабой усім нацыянальным таварыствам у нефармальнай і сяброўскай абстаноўцы. Выкананне беларускіх песень “А ў садзе рэчанька”, “Зайграй жа мне, дударочку” і “Чубарыкі-чубчыкі” ансамблямі ЦБК падарылі гасцям балю святочны і прыўзняты настрой.
Таксама ў рамках мерапрыемства ў фае канцэртнай залы Дома Адзінства можна было азнаёміцца з выставай кветак, гародніны і садавіны “Восеньскія дары”, арганізаванай з мэтай папулярызацыі багацця і разнастайнасці прыроды Латвіі і ўсхвалення ўсіх майстроў земляробства і садоўніцтва. У гэтай выставе са сваімі дарамі прыроды таксама прынялі ўдзел беларусы, прадставіўшы цікавую і разнастайную кампазіцыю агародніны і садавіны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры