У суботу, 15 кастрычніка 2022 года, у 14:00, у канцэртнай зале Дома Адзінства (вул. Рыгас, 22А) адбудзецца канцэрт XII Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” з удзелам творчых калектываў беларусаў Латвіі і Літвы.
Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які традыцыйна адзначаецца восенню, сёлета пройдзе ўжо 12-ы раз. Захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый беларусаў ляжаць у аснове свята, якое заслужана зарабіла за гэты час пазітыўны імідж і папулярнасць як у Латвіі, так і ў Літве, Эстоніі, Беларусі.
Сёлета ў канцэрце прымуць удзел творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Скарбніца”, “Паўлінка”, а таксама беларускія аматарскія ансамблі з іншых гарадоў Латвіі і Літвы. Меладычныя і вясёлыя народныя песні, самабытныя і запальныя танцы створаць атмасферу незабыўнага іскрамётнага свята.
У фае Дома Адзінства гледачоў сустрэнуць выстава восеньскіх дароў і смачных нарыхтовак беларускіх гаспадынь, выстава вязаных вырабаў, майстар-класы па вырабе лялькі-абярэга і паштоўкі-выцінанкі з аплікацыяй, фотазона.
Сардэчна запрашаем даўгаўпілчан і гасцей горада на XII Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які адбудзецца ў суботу, 15 кастрычніка 2022 года, у 14:00, у канцэртнай зале Дома Адзінства (вул. Рыгас, 22А).
Арганізатарам фестывалю з'яўляецца Цэнтр беларускай культуры.
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздымка.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры