6 верасня 2022 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання была праведзена літаратурная гульня-віктарына, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства. З гэтай знакавай падзеі стартаваў новы творчы сезон ЦБК.
Беларускае пісьменства мае шматвяковыя традыцыі, а імёны беларускіх асветнікаў Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Кірылы Тураўскага атрымалі шырокую еўрапейскую вядомасць. Непарыўную сувязь беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай і закліканы адлюстроўваць Дзень беларускага пісьменства, які бярэ пачатак з 1994 года.
Нацыянальнае свята Рэспублікі Беларусь штогод праводзіцца ў першую нядзелю верасня ў цэнтрах адукацыі і кнігадрукавання, у розных гарадах і пасёлках з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. Першым Дзень беларускага пісьменства прымаў старажытны Полацк, а ў 2022 годзе – г. Добруш, вядомы з XVI стагоддзя. Тут была заснавана першая ў Беларусі папяровая фабрыка (1870), а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю лічыцца пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін.
Напярэдадні ў Цэнтры беларускай культуры традыцыйна адкрылася багатая выстаўка новых кніг з фондаў бібліятэкі ЦБК, на якой прадстаўлены мастацкая і гістарычная літаратура; выданні, прысвечаныя знакамітным асобам, мастацтву, культурным сувязям, архітэктуры, фальклорнай спадчыне, нацыянальнай кухні і г.д.
Меладычнай і кранальнай песняй “Беларуская мова” у выкананні ансамбля “Дразды” пачалося свята пісьменства, якое прайшло ў фармаце літаратурнай гульні-віктарыны, у якой прынялі ўдзел 5 каманд: Генконсульства РБ у Даўгаўпілсе, беларускае таварыства “Уздым”, “Купалінка”, “Спадчына”, “Лянок”. Кожная каманда павінна была адказаць на пытанні 5 тураў, прысвечаных знакавым юбілеям:
- Янка Купала – 140,
- Якуб Колас – 140,
- Беларускае кнігадрукаванне – 505,
- Нацыянальная Бібліятэка Беларусі – 100,
- Даўгаўпілская дзяржаўная беларуская гімназія – 100.
Адкрываючы вечарыну, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская прэзентавала ўнікальнае выданне 1953 года “Янка Купала. Выбраныя творы”, падоранае ў бібліятэку паэтам Яўгенам Голубевым. А потым надышла чарга гульні-віктарыны: кожнай камандзе па чарзе задаваліся загадзя падрыхтаваныя вельмі цікавыя, часам даволі складаныя пытанні. За кожны правільны адказ каманда атрымлівала картку “разумнік”; вынікі адказаў пасля кожнага тура адразу ж уносілі ў табліцу на магнітнай дошцы.
Усе ўдзельнікі з вялікім азартам і натхненнем абмяркоўвалі адказы, разважалі і дыскутавалі, часам уступалі ў палеміку, прыўносілі сваю часам новую, раней невядомую інфармацыю. Кожная каманда атрымала дадатковыя бонусы за творчы падыход: “Купалінка”, “Спадчына”, салістка Настасся Лукашэнак (“Пралескі”) за выкананне песень; паэт Станіслаў Валадзько прачытаў верш, тым самым дадаўшы лішні бал камандзе “Уздыма”, а каманда Генконсульства атрымала бонус за аргументаваныя датэрміновыя адказы.
Генконсул РБ у Даўгаўпілсе Ілья Лапуць адзначыў важнасць і значнасць свята беларускага пісьменства, якое маштабна адзначаецца ў Беларусі, расказаў шмат цікавых фактаў аб кнігадрукаванні і падзякаваў Цэнтру беларускай культуры за ідэю, арганізацыю і правядзенне такога патрэбнага і нестандартнага мерапрыемства.
Дарэчы, за асаблівую эрудыцыю і актыўны ўдзел у віктарыне І. Лапуць, а таксама Валянціна Ліпінская ("Купалінка") і Рэгіна Родзікава ("Спадчына") былі адзначаны спецыяльнымі заахвочвальнымі прызамі. А кожная каманда была ўзнагароджаны падзякамі, памятнымі сувенірамі і салодкімі прызамі. У выніку аказалася, што ўсе каманды атрымалі аднолькавую колькасць балаў.
Так што можна з упэўненасцю сказаць, што перамаглі назапашаныя веды, эрудыцыя, імкненне пазнаць і адкрыць для сябе нешта новае і, вядома ж, любоў да роднага слова. І гэтаму цалкам адпавядаюць радкі маладой паэткі Кацярыны Мізерыі, апублікаваныя ў газеце "Літаратура і мастацтва" (Мінск):
З любоўю да роднага слова,
З любоўю да роднай зямлі,
Да светлай, трывалай асновы,
Што колісь нам продкі далі…
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/573-baltkrievu-rakst-bas-dienu-atz-meja-ar-intelektualu-speli-3#sigProId20d541b0b3
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры