Канец лета – самая доўгачаканая пара года для земляробаў, калі спеюць збожжавыя, гародніна і фрукты, грыбы, ягады, арэхі, а Спас – адзін з першых святаў ураджаю, час збору дароў прыроды. 9 жніўня 2016 года даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прымаў у сябе ў гасцях выхаванцаў дзённага летняга лагера, арганізаванага пры 11-й асноўнай школе.
Пачатак жніўня ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адзначыўся шматлікімі наведваннямі. Адразу сюды завіталі выхаванцы Дзённага рэабілітацыйнага цэнтра для асоб з праблемамі душэўнага характару (вул.Архітэкту, 21). Метадыст ЦБК Марыя Памецька правяла экскурсію па Беларускаму дому, расказала аб беларусах Даўгаўпілса, аб традыцыях і абрадах беларусаў, а таксама аб надыходзячым свяце Спаса: мядовага, яблычнага, арэхавага. Усім удзельнікам экскурсійнай групы былі ўручаны элементы выцінанкі (аплікацыя з паперы) для стварэння святочнай адкрыткі, чаму яны былі вельмі радыя.
А 9 жніўня быў праведзены гульнёва-адукацыйны занятак для 30 выхаванцаў летняга лагера пры 11-й асноўнай школе, прысвечаны Спасу: мядоваму, яблычнаму, арэхаваму. Кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская ў час экскурсіі пазнаёміла дзяцей з работай Цэнтра, з выставай, прысвечанай Беларусі, з экспазіцыяй “Беларускай хаткі”, расказала пра ролю і месца даўгаўпілскіх беларусаў у культурным развіцці нашага шматнацыянальнага горада. Адзначыўшы, што жнівень у беларусаў, па старажытнай традыцыі, звязаны з сельскагаспадарчымі святамі, у якіх цесна пераплецены хрысціянскія, язычніцкія і народныя традыцыі і абрады, яна расказала аб тым, што 14 жніўня беларусы святкуюць Спас мядовы, 19 жніўня – яблычны, а 29 жніўня – арэхавы, а таксама ахарактарызавала кожны з іх.
Метадыст ЦБК Марыя Памецька, апранутая ў прыгожы беларускі нацыянальны строй, пазнаёміла навучэнцаў з традыцыйным у Беларусі відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – выцінанкай. Дзеткі за сталамі з вялікім задавальненнем і запалам выразалі з паперы вожыка і яблык, наклейвалі іх на адкрытку, адгадвалі загадкі на беларускай мове і адтрымлівалі ў узнагароду за правільны адказ смачны спелы яблык.
А затым, да вялікай радасці дзяцей, адбылося чаяванне з хлебам, медам і арэхамі, абмеркаванне ўсяго убачанага і пачутага, абмен уражаннямі і, вядома ж, традыцыйнае фатаграфаванне на памяць. Развітваючыся, выхаванцы дзіцячага летняга лагера не толькі выносілі з сабой адкрыткі, зробленыя ўласнымі рукамі і прысвечаныя Спасу, але і масу самых выдатных эмоцый і ўражанняў. Яны дзякавалі за цёплы прыём, за новыя веды, уменні, навыкі і гаварылі толькі што вывучаныя па-беларуску словы “да пабачэння” і “да сустрэчы”.
Што ж, сустрэча не за гарамі. У верасні пройдзе чарговы гульнёва-адукацыйны занятак для школьнікаў “Беларускае абрадавае свята “Багач”. Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306