2 верасня 2022 года, да Дня беларускага пісьменства, у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання адкрылася выстава новых кніг з фондаў бібліятэкі ЦБК.
Дзень беларускага пісьменства – нацыянальнае свята ў Рэспубліцы Беларусь, якое бярэ пачатак з 1994 года. Штогод у першую нядзелю верасня ў цэнтрах адукацыі і кнігадрукавання, у розных гарадах і пасёлках з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай праводзяцца разнапланавыя мерапрыемствы, якія адлюстроўваюць непарыўную сувязь беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай.
Беларускае пісьменства мае шматвяковыя традыцыі, а асветнікі – фігуры еўрапейскага маштабу. Асабліва значнае месца ў станаўленні беларускага пісьменства мае дзейнасць Францыска Скарыны – першадрукара, асветніка, пісьменніка і гуманіста, ураджэнца старажытнага горада Полацка – заканамерна, што тут упершыню і адбылося свята.
Сёлета, у Год гістарычнай памяці, сталіцай пісьменства на некалькі дзён стаў горад Добруш Гомельскай вобласці – радзіма класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна.
Фонд бібліятэкі ЦБК штогод папаўняецца новымі друкаванымі выданнямі, і ўжо стала добрай традыцыяй у пачатку верасня прадстаўляць іх на кніжнай выставе.
Цяперашняя экспазіцыя цікавая і разнастайная па тэматыцы: мастацкія творы, гістарычная літаратура; выданні, прысвечаныя выдатным асобам, мастацтву, культурным сувязям, архітэктуры, фальклорнай спадчыне, нацыянальнай кухні і многаму іншаму чакае наведвальнікаў Беларускага дома.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры