7 ліпеня 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася літаратурная выстава, прысвечаная 140-годдзю класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Разам з гэтым, да юбілею Янкі Купалы раней былі прымеркаваны конкурс і выстава дзіцячых малюнкаў.
Янка Купала (1882-1942) - беларускі паэт, перакладчык, драматург і публіцыст. З'яўляецца заснавальнікам сучаснай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы.
Сапраўднае імя паэта - Іван Луцэвіч, а Янка Купала - літаратурны псеўданім. Паколькі ён нарадзіўся ў свята Івана Купалы, новае імя мае сімвалічнае значэнне. Дзень летняга сонцастаяння - Купалле, літаратар звязваў з імкненнем беларускага народа да шчаслівай будучыні.
Пяру Я. Купалы належаць 10 зборнікаў вершаў, амаль 20 паэм, 4 п'есы, якія не сходзяць з тэатральных падмосткаў: “Паўлінка”, “Прымакі”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”; пераклады на беларускую мову многіх рускіх і польскіх паэтаў. Творы самога Янкі Купалы таксама перакладзены на многія мовы свету, уключаючы латышскую.
Аднак, нягледзячы на літаратурныя поспехі, паэту вядомы час забарон на публікацыі.
“Хлопчык і лётчык” – самы вядомы дзіцячы верш беларускага літаратара. Калісьці яно натхніла Юрыя Гагарына на заваяванне космасу. А наймацнейшы верш – «Спадчына», пра што спявалі легендарныя «Песняры»; яго ведае на памяць кожны беларус, які памятае і шануе, адкуль яго карані.
Многія беларускія спевакі выконваюць песні на вершы Я. Купалы – "Малітва", "Явар і каліна", "Гэй, наперад!", "Песня і казка", "Шумныя бярозы" і іншыя. Спяваюць купалаўскія песні і творчыя калектывы ЦБК.
Пра жыццё і творчасць літаратара расказвае Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы на беразе ракі Свіслач у самым цэнтры беларускай сталіцы, а таксама музеі-сядзібы ў вёсках Вязынка, Ляўкі, Сеніца. Паэту ўстаноўлена шмат помнікаў, у тым ліку за мяжой.
Імем Янкі Купалы названы Інстытут літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр у Мінску, парк з помнікам у Мінску, вуліцы ў многіх гарадах краіны. Імя песняра таксама носіць Беларуская асноўная школа ў Рызе.
На літаратурнай выставе ў Цэнтры беларускай культуры (вул. Алеяс, 68) прадстаўлены кнігі пра жыццё і творчасць Янкі Купалы з бібліятэкі ЦБК. Выстава адкрыта да 22 ліпеня.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры